У Мінску ўшанавалі памяць ахвяраў Халакоста

27 студзеня ў Мінску, у Рэспубліканскім палацы культуры ветэранаў, прайшло мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакоста.
Яго арганізатарамі выступілі прадстаўніцтва ААН у Беларусі і грамадскае аб'яднанне "Рэспубліканскі фонд "Халакост" Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб'яднанняў і абшчын.

Былі запалены шэсць свечак у памяць аб шасці мільёнах ахвяраў Халакоста, прысутныя ўшанавалі загінулых хвілінай маўчання. Затым адбылося выступленне калектываў мастацкай самадзейнасці і дэманстрацыя дакументальнага фільма "Вызваленне Асвенцыма".

27 студзеня ў 1945 годзе Савецкая Армія вызваліла вязняў самага вялікага нацысцкага лагера смерці Асвенцым-Біркенаў у Польшчы. За гады Другой сусветнай вайны ў нацысцкіх канцлагерах былі планамерна знішчаны 6 мільёнаў яўрэяў, што складае 60% яўрэйскага насельніцтва Еўропы.

Для захавання памяці пра Халакост і прадухілення новых актаў генацыду трэці год запар 27 студзеня па ўсім свеце праводзяцца спецыяльныя мерапрыемствы.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі