У Мінску судзяць за крадзяжы былога дырэктара заапарка і яго жонку

У Мінску судзяць за крадзяжы былога дырэктара заапарка і яго жонку

У судзе Заводскага раёна Мінска пачаўся судовы працэс над былым дырэктарам сталічнага заапарка і яго жонкай. 51-гадовага Юрыя Рабава і яго жонку Элу, якая працавала заатэхнікам у заапарку, вінавацяць у крадзяжах, злоўжыванні і перавышэнні паўнамоцтваў. Да суда яны амаль год правялі ў СІЗА, адзначае tut.by.

Рабаў — біёлаг з вышэйшай адукацыяй, ён працаваў у заапарку амаль 30 гадоў. Паводле звестак следства, разам з жонкай ён некалькі гадоў прысабечваў маёмасць установы — ад маленькіх малпаў да рысяў.

Напрыклад, з красавіка 2014-га па кастрычнік 2015 года ён даваў указанні на адлоў усходне-еўрапейскай рысі (коштам 641 рубель) і звычайнай (359 рублёў), калобуса (за 2825 рублёў), а таксама балівійскіх мірыкіні (малпы), генеты (драпежнік) і лемураў — агулам на 7,7 тысячы рублёў. Як сцвярджае абвінавачанне, жывёлаў прадалі нейкаму Емельянаву, а ў дакументах заапарка аформілі іх смерць або выбракоўку.

У яшчэ адным эпізодзе фігуруюць 23 фламінга. Гэтыя птушкі "пераехалі" з заапарка да нейкага Шлапакова — без афармлення дакументаў. Такім чынам, па словах пракурора, Рабаў завалодаў маёмасцю заапарка на 39 тысяч рублёў.

Гісторыя з продажам жывёлаў з заапарка стала вядомай, калі ў жніўні 2016 года міліцыянты знайшлі ў хляве жыхара вёскі Стрыгава ў Кобрынскім раёне сем гменападобных сабак. Выявілася, што сабак прывезлі з Мінска. Гэтых драпежнікаў ацэньваюць у 84 тысячы долараў. У дакументах значылася, што сабакі загінулі "з прычыны унутрывідавага канібалізму".

Сам Юрый Рабаў прызнае віну часткова: ён не пагаджаецца з абвінавачаннямі па фламінга і гіенападобных сабаках. Таксама ён не пагаджаецца, што было перавышэнне паўнамоцтваў групай асобаў.

Яго жонка цалкам не прызнае віны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі