Вы тут

Хлопец з бензапілой: Шкадую толькі аб тым, што мала людзей забіў

Фота Алеся Пілецкага

12.52. Адказваючы на пытанне суддзі аб выбары зброі, Казакевіч паведаміў, што хацеў мець агнястрэльную. "Я хацеў бы мець агнястрэльную зброю, але яе не было. Нож, малаток мне падаліся неэфектыўнымі. Таму выбраў бензапілу і сякеру. Прычыняць асаблівы боль і пашкоджанні ахвярам не хацеў", — сказаў абвінавачаны.

12.47. Казакевіч расказаў пра сваё стаўленне да забойства ў гандлёвым цэнтры. "Я не шкадую, што загінула гэтая жанчына. Я шкадую толькі аб тым, што мала людзей забіў", — сказаў Казакевіч.

12.38. Казакевіч расказаў, што любіў глядзець у інтэрнэце. "Мне падабалася шукаць і глядзець ролікі "Ісламскай дзяржавы". Смяротныя пакаранні без цэнзуры", — сказаў падсудны.

Ён таксама паведаміў, што не чытаў мастацкую літаратуру, любіў фільмы пра маньякаў і іншыя. "Да мяне ўсе добра ставіліся, а я да ўсіх дрэнна. Я ж збіраўся забіваць людзей", — заявіў ён.

12.12. Падчас допыту на судзе Казакевіч расказаў што, забіваючы, слухаў музыку.

"Музыку уключыў... Для сябе, так весялей было. Каб бензапілу не чуць. Крыкі людзей мне не заміналі... Пад ахоўнымі навушнікамі ў мяне былі музычныя".

Казакевіч таксама распавёў, што збіраўся ўзяць закладнікаў, але яму перашкодзілі супрацоўнікі гандлёвага цэнтра. Закладнікі яму былі патрэбныя, каб яго забіў спецназ падчас іх вызвалення.

"Я не хацеў у турму", — сказаў Казакевіч. Ён пацвердзіў, што спрабаваў учыніць суіцыд з дапамогай чаднага газу ў гаражы бацькі: распаліў там вогнішча і чакаў смерці. Але яму маці перашкодзіла.

11.53. Пракурор пачаў допыт Казакевіча.

Падсудны расказаў: "Трэцяга кастрычніка ў мяне ўзнікла жаданне забіць як мага больш аднакурснікаў. Вечарам гэта было ў паліклініцы. Мне не далі даведку для пропуску заняткаў. Я вырашыў, што было б цудоўна папіліць іх бензапілой. Дабіць сякерай. Раней таксама было такое жаданне, а выключэнне з універсітэта стала толькі нагодай. Сякеру я набыў для падстрахоўкі... Перад тым, як ісці ва ўніверсітэт, я спрабаваў выпіць, гарэлкі але не атрымалася. Ва ўніверсітэт ехаў на таксі. У адной з аўдыторый сабраўся ўвесь курс... Калі выходзіў з прыбіральні з заведзенай пілой, яна заглухла. Пакуль спрабаваў перазапусціць яе на вуліцы, пара скончылася... Я вырашыў вярнуцца ва ўніверсітэт на наступны дзень, але праспаў... Таму пайшоў у гандлёвы цэнтр пешшу... Перад забойствамі я спрабаваў вызваць прастытутку, каб забіць яе, патрэніравацца. Я хацеў з'есці яе мяса, паесці перад забойствам. Але не атрымалася. Я паеў сервелат... Забіваць я хацеў дзеля прыколу".

Казакевіч таксама расказаў, што мінулай вясной задумаў тэракт у Мінску. Хацеў забіваць кітайцаў і мусульман.

11.24. Муж загінулай Аляксандр Аляксандранец: "Я хачу максімальнага пакарання для Казакевіча... Я зараз паглядзеў яму ў вочы і не ўбачыў ні кроплі раскаяння. Яго бацькі гавораць пра хваробу сына. Чаму тады яны лічылі магчымым, каб ён жыў адзін, чаму з ім нікога не было?.. Зараз я не ведаю што больш сказаць. У мяне адны эмоцыі... Наша дачка трымаецца, яна малайчына. Яна не плача на людзях".

11.10. Казакевіч цалкам прызнаў сваю віну. Адвакат папрасіў 10-хвілінны перапынак, каб параіцца з ім.

10.59. На судзе пачаў выступаць пракурор. Ён паведаміў, што перад злачынствам Казакевіч рыхтаваўся, праглядаючы ў інтэрнэце ролікі са сцэнамі масавых забойстваў. У тым ліку — здзейсненых з дапамогай бензапілы.

10.51. Кампенсацыю маральнай шкоды запатрабавалі і іншыя пацярпелыя. Муж забітай — 45 тысяч рублёў, дачка Алеся — 75 тысяч, пацярпелая Вітвер — 29 тысяч, пацярпелая Наталля Ашна — 45 тысяч. Іншыя пацярпелыя пакуль не вызначыліся з сумамі кампенсацыі.

Агульная сума кампенсацыі маральнай шкоды, якую патрабуюць пацярпелыя па справе Казакевіча, складае 305 тысяч рублёў. Родныя Казакевіча на цяперашні час перадалі пацярпелым 4 тысячы рублёў. У суму 305 тысяч не ўваходзіць кампенсацыя матэрыяльнай шкоды.

10.29. Сястра забітай просіць суд спагнаць з Казакевіча кампенсацыю нанесенай шкоды ў 45 тысяч рублёў мінус 1000 рублёў, якую ужо перадаў бацька Казакевіча.

10.23. Маці загінулай Алены Александронец просіць суд спагнаць з Казакевіча кампенсацыю нанесенай ёй маральнай шкоды ў 65 тысяч рублёў. За вылікам 2000 рублёў, якія ёй два дні таму перадаў бацька Казакевіча.

10.07. Пачаўся працэс над Уладзіславам Казакевічам. Акрамя суддзі на працэсе прысутнічаюць два народных засядацелі, якія сядзяць побач з суддзёй.

На працэсе прысутнічаюць некалькі дзясяткаў журналістаў, у тым ліку расійскія тэлеканалы. Ёсць прадстаўнікі пацярпелых, сурдаперакладчык для дачкі загінулай.

Казакевіч знаходзіцца ў клетцы. Размаўляе з адвакатам, паводзіць сябе актыўна. Ён коратка пастрыжаны, яго няпроста пазнаць.

 

***

У Мінскім гарадскім судзе 20 лютага пачаўся судовы працэс над Уладам К. Хлопец учыніў крываваю бойню ў гандлёвым цэнтры "Еўропа" 8 кастрычніка 2016 года.

Ахвярай хлопца стала 43-гадовая жанчына, яшчэ два чалавекі атрымалі траўмы. Затрымаць юнака дапамаглі пакупнікі і супрацоўнікі гандлёвага цэнтра.

На суд прыйшло шмат журналістаў — каля трох дзясяткаў. З'явіліся на працэс пацярпелыя, а таксама каля дзясятка студэнтаў МІТСО — універсітэта, дзе вучыўся абвінавачаны. Дарэчы, спярша хлопец хацеў зладзіць бойню ў сваёй ВНУ, але тады ў яго не завялася бензапіла.

Бойня з бензапілой у ГЦ "Новая Еўропа". Як гэта было