Бойня з бензапілой у ГЦ "Новая Еўропа". Як гэта было

Бойня з бензапілой у ГЦ "Новая Еўропа". Як гэта было

Здарэнне ў мінскім гандлёвым цэнтры "Новая Еўропа" адбылося ўвечары 8 кастрычніка 2016 года. Улад К. прыйшоў туды з бензапілой і сякерай, забіў 43-гадовую жанчыну і параніў яшчэ дзвюх. Зламысніка затрымалі наведвальнікі.

 

Напад

Усё адбылося каля 17.30. Паводле следства, непаўналетні хлопец зайшоў у гандлёвы цэнтр праз службовы ўваход. У руках ён трымаў бензапілу, за плячыма ў футляры ад гітары меў сякеру. Падазраваны завёў бензапілу і параніў ёй выпадковую жанчыну. Калі фрагменты вопраткі трапілі ў механізм, матор пілы заглух. Пасля гэтага злачынца дастаў сякеру і ўдарыў ёй ахвяру. Жанчына памерла на месцы.

За некалькі наступных хвілін злачынца змог параніць яшчэ дваіх чалавек, пасля чаго быў затрыманы сведкамі і перададзены міліцыі.

 

Следства і суд

Следства цягнулася каля чатырох месяцаў. Была праведзеная экспертыза, якая прызнала, што хлопец усведамляў свае дзеянні. Яго абвінавачваюць адразу па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: "забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх памкненняў", "хуліганства", "падрыхтоўка да забойства дзвюх і больш асоб", "замах на забойства дзвюх і больш асоб". На момант здзяйснення злачынства, абвінавачаны не меў 18-ці гадоў (паўналецце Улад К. сустрэў у СІЗА), таму гаворкі пра магчымае смяротнае пакаранне няма. Адкрыты працэс пройдзе ў Мінскім гарадскім судзе, прадстаўнікі суда кажуць, што да працэсу назіраецца павышаны інтарэс прэсы і грамадскасці, таму трапіць на суд змогуць не ўсе жадаючыя.

 

Злачынства планавалася ў іншым месцы

Ужо праз некалькі дзён пасля трагедыі ў "Новай Еўропе" стала вядома, што Улад К. планаваў забойствы ў іншым месцы ― ва універсітэце МІТСО, дзе правучыўся некалькі месяцаў пасля заканчэння школы. Ужо пасля затрымання абвінавачанага прывозілі у будынак установы на следчы эксперымент. Як стала вядома пазней, Улад К. прыходзіў туды з падрыхтаванай бензапілой, аднак не змог яе завесці і сышоў.

 

Версія бацькоў абвінавачанага

Бацькі Улада К. (бацька жыве асобна ад сына у Мінску, маці эмігравала ў Германію) пайшлі на кантакт з журналістамі, за некалькі дзён да суда далі вялікае інтэрв'ю парталу tut.by. Па іх версіі, прычынай страшнага ўчынку сына мог стаць пабочны эфект ад ужывання медпрэпарату ― Улад К. мае праблемы са скурай твару, праз што моцна перажываў, лекі дапамагалі вырашыць праблемы са скурай.

 

Чатыры спробы суіцыду

Інфармацыя пра тое, што абвінавачаны ў нападзе на наведвальнікаў "Новай Еўропы" здзяйсняў спробы самагубства, з'явілася амаль адразу пасля злачынства. Канчаткова яе пацвердзілі бацькі Улада К. Усяго такіх спробаў было чатыры, апошняя здарылася ў кастрычніку 2014 года. Медыкі назіралі за Уладам да студзеня 2016-га, пасля чаго знялі з уліку.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі