У Мінску прэзентавалі "Штогоднік" BISS

Складальнікі 360-старонкавага "летапіса беларускай гісторыі" за 2009 год спадзяюцца, што суайчыннікі знойдуць сэнс у іх працы. Хаця б праз 15 гадоў. Зарэгістраваны ў Літве Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) прэзентаваў у Мінску штогадовы аналітычны зборнік з няхітрай, але ёмістай назвай "Штогоднік". "Летапіс беларускай гісторыі" за 2009 год складаецца з 30 артыкулаў ад больш-менш раскручаных экспертаў у розных галінах упраўлення і грамадскага ладу.

Сёлетні "Штогоднік" — другі, падрыхтаваны BISS. Дырэктар інстытута Віталь Сіліцкі лічыць, што, у параўнанні з мінулай, кніга проста стала лепшай.

Віталь Сіліцкі: "Ведаеце, гэта летапіс. І нічога дзіўнага мы тут не запісалі. Вартасць такіх выданняў усведамляецца праз 10-15 гадоў.

Пісаць "Штогоднікі" — вельмі няўдзячная праца. Бо сёння і зараз яны нікому не патрэбныя. Усе ж самі ўсё памятаюць! Таму не заўжды можна патлумачыць, навошта ён патрэбны сёння. А можа, сёння гэта і непатрэбна ўвогуле?.. Гэта адметнасць такіх працаў. Яны робяцца адмыслова для тых, хто спахопіцца праз 15 гадоў".



Рэдактарка зборніка Валерыя Касцюгова кажа, што "Штогоднік" нараджаўся як альтэрнатыва афіцыйнай гісторыі краіны. Але...

Валерыя Касцюгова: "Пакуль мы яго рабілі, мы высветлілі, што наш летапіс з'яўляецца адзіным. Бо іншы, так бы мовіць, пазітыўны бок не стварае аніякага летапісу".

Колер зборніка нездарма чорны: з большага ён прысвечаны праблемам, якія хвалявалі беларускае грамадства ў 2009 годзе, і якія яно працягвае вырашаць дагэтуль. Артыкулы "Штодзённіка" пішуцца згодна з узорамі, абавязковымі для ўсіх аўтараў. Каб палегчыць чытанне, складальнікі прыклалі да кожнага артыкула "Рэзюмэ" і "Тэндэнцыі". Распавядае рэдактар "Штодзённіка" Анатоль Панькоўскі:

Анатоль Панькоўскі: "Знешне "Рэзюмэ" і "Тэндэнцыі" падобныя, але адрозненні ёсць. "Рэзюмэ" — гэта вытрымкі з тэкста. Умоўна кажучы, набор ключавых словаў. У той час як "Тэндэнцыі" звязваюць сёлетні зборнік з леташнім і, спадзяюся, з тым, які выйдзе ў наступным годзе".

Не абыйшлося ў "Штодзённіку" BISS і без кур'ёзаў. Дзякуючы Максіму Жбанкову, на яго старонкі трапілі сучасныя літаратары Сірошка Пістончык і Ўласік Смаркач. Па словах перакладчыцы Таццяны Тулуш, гэтыя два псеўданімы, згаданыя ў артыкуле, сталіся галоўнай праблемай пры перакладзе зборніка на англійскую мову:

Таццяна Тулуш: "Перакладаць было з большага нескладана, бо ўсе нормы былі зададзеныя папярэднім выданнем. Хіба што з Пістончыкам і смаркачом выйшла праблема. Пістончыка я назвала Womanizer — гэта, так скажам, хранічны залётнік. Ну а для Смаркача знайшоўся выраз Snot nose. Ён даволі грубы, але рэдактар не закрэсліў".



Падчас прэзентацыі "Штогоднікаў" не хапіла на ўсіх, хто прыйшоў адзначыць іх выхад. Складальнікі паабяцалі падвезці яшчэ некалькі экземпляраў падчас фуршэта. І гэта быў хутчэй добры знак: з першага дню "Штогоднік" запатрабаваны, нягледзячы на сумныя прадчуванні дырэктара BISS.

Фота: Павел Свярдлоў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі