У Мінску прайшла акцыя з нагоды Дня Волі. Онлайн

У ёй узялі ўдзел каля 2,5 тыс. чалавек, пераважна моладзь

19.50. Дэманстранты паціху пачынаюць разыходзіцца. Каля Акадэміі навук сабралася частка ўдзельнікаў акцыі, яны размаўляюць, спяваюць песні, скандуюць лозунгі

19.30.
Дэманстранты стаяць уздоўж праспекта Незалежнасці. Людзі скандуюць "Жыве Беларусь!" і "Незалежнасць!". У раёне Акадэміі навук нейкія людзі паляць партрэты кіраўніка краіны.

19.15
. Шыхты міліцыі ў поўнай амуніцыі спынілі калону моладзі каля вуліцы Петруся Броўкі. Супрацоўнікі ДАІ не дазволілі дэманстрантам выйсці на праезжую частку. Моладзь вярнулася назад да Акадэміі навук і найхутчэй далучыцца да іншай часткі ўдзельнікаў акцыі. Па праспекце прыязджаў аўтамабіль асабістага ахоўніка кіраўніка Беларусі.

19.00. Дэманстранты падзяліліся. Моладзь пайшла калонай на Кастрычніцкую плошчу. Аднак, як стала вядома Еўрарадыё, каля ЦУМа яе рыхтуецца сустрэць спецназ, там стаяць аўтазакі. Большая частка дэманстрантаў пашыхтавалася ўздоўж праспекта Незалежнасці ў бок Нацыянальнай бібліятэкі. Ланцуг скончыўся на перакрыжаванні праспекта і вуліцы Сурганава. Людзі размахваюць сцягамі, крычаць "Жыве Беларусь!".

18.50.
Каля Акадэміі навук працягваецца мітынг. Віктар Івашкевіч ад імя арганізатараў аб'явіў, што вырашана не ісці на Бангалор ці Кастрычніцкую плошчу, а пашыхтавацца ўздоўж праспекта Незалежнасці ў бок Нацыянальнай бібліятэкіДэманстрант

18.45.
Каля Акадэміі навук працягваецца мітынг. Выступілі Лявон Баршчэўскі, Мікола Статкевіч, Павел Севярынец. Удзельнікі акцыі выказваюцца за тое, каб не ісці на Бангалор ці Кастрычніцкую плошчу, а пашыхтавацца пасля мітынгу ўздоўж праспекта Незалежнасці ў бок Нацыянальнай бібліятэкі

18.40. Як паведамляе наш карэспандэнт, на мітынгу выступілі старшыня Партыі БНФ Лявон Баршэчэўскі - ён сказаў, што па маршруце, прапанаваным уладамі - вуліцы Сурганава - немагчыма прайсці. Мікола Статкевіч адзначыў, што "не варта святкаваць Дзень Волі на балоце, якім ёсць плошча Бангалор". Цяпер выступае Павел Севярынец. Гукаўзмацняльная апаратура перыядычна дае збоі.

18.26.
У Магілёве толькі скончылася ўскладанне кветак каля Краязнаўчага музея, дзе ў 1918 годзе беларускі нацыянальны камітэт падтрымаў уладу БНР.

Адтуль калонай каля 100 чалавек прайшліся па вуліцы Ленінскай.

Акцыя была не дазволеная гарвыканкамам і пільна ахоўвалася міліцыяй, але ўскласці кветкі дазволілі, і магілёўскія дэмакраты нават павіншавалі супрацоўнікаў міліцы са святам, паведаміў Еўрарадыё старшыня мясцовай БНФ Рыгор Кастусёў.

Цяпер моладзь раздае магілёўцам віншавальныя паштоўкі і спецвыпуск газеты "Магілёўскі час".

18.25. Уся пляцоўка перад Акадэміяй навук цалкам запоўненая людзьмі.  Падвезлі гукаўзмацняльную апаратуру. Аднак пакуль гучыць музыка, прамоваў няма

18:21. У Мінск прыбыў гомельскі спецназ

Да Дня Волі ў Мінск прыбылі дадатковыя сілавыя падмацаванні.

Як паведамляе сайт АГП, 24 сакавіка па праспекце Незалежнасці прайшла калона тэхнікі. У яе складзе 4 аўтазакі зялёнага колеру, 3 аўтобусы з гомельскімі нумарамі (адзін з іх "турыстычны" і два меншых памераў), а таксама сіні "ўазік". У аўтобусах сядзелі спецназаўцы ў чорнай экіпіроўцы.

Як адзначаюць сябры АГП, гомельскія "гвардзейцы" год таму затрымоўвалі ў Мінску ўдзельнікаў акцыі 25 сакавіка.


18.17.
Каля Акадэміі навук сабраліся каля 2 тысяч чалавек. Людзі працягваюць падыходзіць

Як паведамляе наш карэспандэнт, над натоўпам відаць расцяжкі і сцягі "Маладой Беларусі", "Моладзі БНФ", "Народнай Грамады", "Еўрапейскай Беларусі". Большасць прысутных - моладзь.

18.15. Гродна. Як паведаміў нам лідэр гродзенскіх фронтаўцаў Вадзім Саранчукоў, у Гродне прайшла раздача партыйных газет з партыйнай праграмай і прапановамі,  прысвечаных Дню Волі. Усё прайшло без затрыманняў.
"У горадзе адзінае што я ведаю – планавалі святочную вечарыну проста для сябе. На вуліцы – ўжо не. Хто збіраўся на вуліцы – даехалі ўжо да Менску", - сказаў Вадзім.

18:12. Міліцыянты паспрабавалі сарваць акцыю апазіцыі ў Мінску

У Мінску ладзіцца вулічная акцыя, прысвечаная Дню Волі. За 10 хвілін да пачатку акцыі супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі ў арганізатараў гукаўзмацняльную апаратуру, аднак пасля нядоўгіх разбораў аддалі яе.

За падзеямі назіраюць прадстаўнікі мінскага офіса АБСЕ і замежныя дыпламаты, паведамляе БелаПАН.

18.00. Збор удзельнікаў святкавання прызначаны на 18 гадзінаў каля Акадэміі Навук. Цяпер на месцы сабралося ад 1 тыс. да 1,5 тысячы чалавек. 
Як паведамляе наш карэспандэнт, сярод прысутных — Павел Севярынец, Анатоль Лябедзька. Міліцыі каля месца збору ўдзельнікаў акцыі, на дзіва, не шмат.

17:57. У Мінску затрымалі маладафронтаўцаў Настассю Палажанку і Дзяніса Карнова

У Мінску затрыманыя лідэры міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Настасся Палажанка і Дзяніс Карноў.

Па інфармацыі агенцтва БелаПАН, затрыманне адбылося каля 17.00. Палажанка паспела паведаміць па тэлефоне, што іх затрымоўваюць супрацоўнікі міліцыі. Прычына і месца затрымання невядомыя.

Акрамя таго, сёння на станцыі метро "Магілёўская" на кароткі час быў затрыманы актывіст "Маладога фронту" Зміцер Ясевіч. Яго прымусова пасадзілі ў міліцэйскую машыну, аднак пасля канфіскацыі мегафона адпусцілі.

***
25 сакавіка 1918 года Рада БНР прыняла Трэцюю ўстаўную грамату, якой Беларусь абвяшчалася вольнай і незалежнай дзяржавай.

Традыцыя святкавання Дня Волі ўзыходзіць да 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Тым не менш у Савецкай Беларусі гэтае свята прынародна не адзначалася. Змены адбыліся на пераломе 1980-1990-х гадоў, калі Дзень Волі стаў святкавацца масавымі вулічнымі акцыямі — шэсцямі, мітынгамі, канцэртамі.

Сёння ў Мінску збор на вулічную акцыю, прысвечаную Дню Волі, якую арганізуе Партыя БНФ, адбудзецца ў 18 гадзінаў каля Акадэміі навук.

Фота - nn.by

Гл. таксама:

Сідарэвіч: Дзеячы БНР былі дэмакраты, таму іх і не любіць улада

 25 пытанняў і адказаў з гісторыі БНР

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі