Вы тут

У Мінску поўная зала, у Барысаве адмена. Фільм па-беларуску не патрэбны за МКАД?

Фота: kino-teatr.ru

У Мінску на сямейны фільм "Мой сябар жырафа" ў беларускай агучцы збіраюцца поўныя залы. Фільм паказалі ў 15 кінатэатрах, яго паглядзела 5 тысяч чалавек. А ў Барысаве сітуацыя супрацьлеглая: Барысаўчанку, якая прыйшла з унучкай на гэты ж фільм, адправілі дадому. У мясцовым кінатэатры "Кастрычнік" яны былі адзінымі гледачамі.

Чаму фільмы па-беларуску, якія на ўра сустракаюць у сталічных кінатэатрах, аказваюцца нікому не патрэбнымі ў правінцыі? За мінскай кальцавой забылі беларускую мову? Разбіраемся ў пытанні.

 

"Дашкольнікам не ўсе беларускія словы могуць быць зразумелыя"

Метадыст барысаўскага кінатэатра "Кастрычнік" Юлія Ісаёнак пацвярджае тое, што сеанс адмянілі. Па яе словах, не было высокай наведвальнасці і ў іншыя дні паказу: "Мой сябар жырафа" ішоў у Барысаве сем дзён, на кожным сеансе было ад 6 да 10 чалавек. Што адпужала барысаўчан? Суразмоўніца мяркуе, што справа ва ўзроставым абмежаванні 0+: ​​кіно па-беларуску больш разлічанае на старшакласнікаў, а "дашкольнікам не ўсе беларускія словы могуць быць зразумелыя".

"У мінулым годзе мы таксама паказвалі фільм у беларускай агучцы: "Шторм. Лісты агню", — успамінае Юлія Ісаёнак. — Там пра кнігадрукаванне, пра Марціна Лютэра. Ён разлічаны на дзяцей старэйшых, таму прыйшло шмат школьнікаў. Былі задаволеныя і дзеці, і настаўнікі, якія іх прыводзілі".

"Справа сапраўды не ў перакладзе"

Пра тое, што ў Барысаве адмянілі сеанс "Майго сябра жырафа", кіраўнік праекта "Беларускія ўікэнды" Андрэй Кім даведваецца ад нас.

"Сумна, што так адбываецца з фільмам на беларускай мове, але такое можа здарыцца з любым кіно, — кажа ён. — Справа дакладна не ў перакладзе. Па-першае, многае залежыць ад часу паказу сеанса: можа быць, ён быў не занадта зручным. Па-другое, там мала спецэфектаў — некага мог адштурхнуць і гэты факт. Акрамя таго, і гэта самае важнае, у сталіцы нам прасцей рэкламаваць фільм. На добрую рэкламу ў рэгіёнах сродкаў не хапае, таму, магчыма, не ўсе своечасова заўважаюць, што праходзяць такія сеансы. Тым не менш, важна даваць людзям магчымасць глядзець кіно на беларускай".

Па словах Андрэя, кінастужку "Мой сябар жырафа" ужо "пракацілі" па Мінску, Мінскай вобласці, Віцебску і Брэсце.

Тэлефануем у Віцебск. Метадыст кінатэатра "Мір" Валянціна Зайцава распавядае, што фільм, агучаны па-беларуску, у іх паказваюць упершыню. За тры сеансы кіно паглядзела каля 400 чалавек, кожны раз зала была забітая.

"На фільм арганізавана ішлі школьнікі, акрамя іх, прыходзілі звычайныя гледачы з бацькамі, — распавядае яна. — Фільм добры, хай нават на беларускай мове. Нам дзякавалі. На тое, што кіно паказваюць на беларускай мове, ніхто не скардзіўся. У межах паказу мы правялі яшчэ “Размову пра мову”".

Выходзіць, сітуацыя ў Барысаве не паказальная для рэгіёнаў, і рабіць выснову, што беларусы не ходзяць на фільмы, агучаныя па-беларуску, рана? Так думае і "моўны інспектар" Ігар Случак:

"Праблема не ў мове і не ў самым фільме. Я бываў на курсах "Мова нанова" у Барысаве — на іх прыходзіць больш людзей, чым у Гомелі. У горадзе нямала людзей, якія будуць размаўляць на беларускай мове. Пытанне ў іншым. Мне здаецца, у нас людзі часта прыдумваюць цікавыя праекты, але часам забываюць іх добра прарэкламаваць. Думаю, гледачы ў барысаўскі кінатэатр "Кастрычнік" не збіраліся з-за рэкламнай недапрацоўкі".

У бліжэйшы час "Мой сябар жырафа" пакажуць у Гродне, Магілёве і Гомелі.