Вы тут

У Мінску плануюць знесці шэсць кварталаў з прыватным сектарам: паказваем дзе

Вясковыя хаты ў зоне рызыкі

У Мінску плануюць знесці шэсць кварталаў з прыватным сектарам. Замест аднапавярховых вясковых хатак і больш заўважных катэджаў там можа з’явіцца шматпавярховая жылая забудова. Цяпер у Мінгарвыканкаме афармляецца дакументацыя для распрацоўкі праектаў будаўніцтва.

Якім мінскім кварталам пагражае знос? Мы падрыхтавалі для вас карту:

Прыватны сектар, які апынуўся ў зоне рызыкі, знаходзіцца ў такіх межах:

1. Вуліца Гусоўскага — завулак Адоеўскага — завулак Снежны;

2. Вуліца Фаніпальская — вуліца Стасава — вуліца Снежная;

3. Праспект Дзяржынскага — вуліца Акрэсціна — вуліца Пермская;

4. Вуліца Лук’яновіча — вуліца Гало — вуліца Літаратурная — завулак Пасялковы;

5. Вуліца Арлоўская — вуліца Шчадрына — вуліца Нававіленская — вуліца Гая;

6. Вуліца Аэрадромная — вуліца Сенніцкая — вуліца Авакяна — вуліца Нафтавая.

А вось прыватныя дамы ў 1-м, 2-м і 3-м Кароткіх завулках, дзе таксама мусіла разгарнуцца будоўля, пакуль застануцца на сваіх месцах. Гэтую тэрыторыю збіраўся забудаваць Мінскі домабудаўнічы камбінат, але маёмасныя правы ўладальнікаў сядзіб не паспелі выканаць у вызначаны законам тэрмін. 

— На гэтай тэрыторыі афармленне дазвольнай дакументацыі пакуль адкладзенае, — расказвае галоўная архітэктар Мінска Вольга Верамей. — Мы чакаем зацвярджэння праекта дэталёвага планавання, які раней быў скарэктаваны. Як толькі ён будзе зацверджаны, мы пачнём інвестыцыйны працэс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.