Вы тут

У Мінску памёр Герой Савецкага Саюза Васіль Мічурын, яму было 105 гадоў

Васіль Мічурын / sb.by

Не стала Васіля Мічурына — Героя Савецкага Саюза, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны. Яму было 105 гадоў.

Зорку Героя Мічурын атрымаў яшчэ падчас савецка-фінскай кампаніі — утрымаў мяжу, застаўшыся практычна адзін на тры агнявыя кропкі. Бегаў ад кулямёта да кулямёта і адстрэльваўся. І так на працягу некалькіх гадзін. Здолеў адбіць каля шасці нападаў. Калі падаспела падмога, у жывых былі толькі двое: Мічурын і яшчэ адзін сур'ёзна паранены баец.

За зоркай Героя ў Крэмль яго збіралі ўсім палком. Знайшлі новыя "добрыя цёмна-сінія брыджы, суконную гімнасцёрку і хромавыя боты".

"А што вы думаеце. З фінскай вайны палова шынялі абгарэлай была ў мяне",распавядаў ён у інтэрв'ю Sputnik.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны ён вызваляў Баранавічы, Брэст, удзельнічаў у баях за Кёнігсберг і Берлін.

Пасля яго сыходу ў Беларусі застаўся адзін удзельнік ВАВ — уладальнік зоркі Героя Савецкага Саюза. Гэта Іван Кустаў. Яму 97 гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.