Вы тут

У Мінску хворую на рак супрацоўніцу праграмы развіцця ААН зноў арыштавалі

Жанчына правядзе ў зняволенні яшчэ 15 сутак / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com

У Мінску хворую на рак супрацоўніцу праграмы развіцця ААН зноў арыштавалі. 49-гадовую Анастасію Несцераву караюць за рэпост "экстрэмісцкіх" матэрыялаў, паведамляе тэлеграм-канал @viasnanazirae.

Несцерава працуе фінансава-адміністрацыйнай асістэнткай праграмы развіцця ААН у Беларусі. Яе затрымалі 18 лістапада і арыштавалі на 10 сутак за захоўванне "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Мужа жанчыны арыштавалі на 15 сутак за "распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў". Дома ў іх прайшоў ператрус, а тэхніку канфіскавалі. На Акрэсціна Анастасія Несцерава захварэла на цыстыт. 28 лістапада на волю яна не выйшла, бо быў складзены новы пратакол за рэпост.

30 лістапада ў судзе Першамайскага раёна разглядалася чарговая адміністрацыйная справа. Суддзя Максім Трусевіч асудзіў Несцераву на яшчэ 15 сутак. Жанчына прызнала віну і прасіла прызначыць ёй штраф. Суддзі было вядома, што ў яе дыягнаставаны рак, які патрабуе хірургічнага ўмяшальніцтва, а 73-гадовай маці Несцеравай патрэбен дагляд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.