У Мінску арудуе банда выкрадальнікаў ровараў?

За апошнія два месяцы невядомыя злачынцы скралі больш за 35 ровараў, многія з якіх каштуюць па 1000 долараў. Крадуць ровары нават са стаянак каля БТ і АНТ.
Апошні ровар быў скрадзены 28 верасня — гэта тое, што ўжо стала вядома на форумах. У Яўгена скралі ровар Scott Sportster P2 каля Палаца моладзі.

"Ён быў прышпілены да парэнчаў пандуса перад Палацам моладзі звычайным тросам і замком. На вачах у вахцёра. Відаць, яго перарэзалі, бо ніякіх слядоў не засталося".

Гэта не першы выпадак крадзяжу каля Палаца моладзі, кажа Яўген.

"Наколькі я ведаю, у таго ж следчага яшчэ тры справы. Значыць, як мінімум чатыры ровары, прычым на форуме пісалі людзі, што некаторыя скралі са мной у адзін дзень".

Але вахцёрам Палаца моладзі няма калі сачыць за роварамі. Ды і машыны яны не вельмі добра бачаць, як высветлілася.

"Мы за імі не глядзім. У нас манітор, ключы, зал — і навошта мне яшчэ праблемы? Мы за гэта не адказваем. Мы адказваем — запусціць машыну ці не запусціць. І то я не бачу яе. Таму што паставілі манітор, а трэба было паставіць чалавека, які б бачыў — машына з дынамітам ці з людзьмі".

Як высветліла Еўрарадыё, выпадкі не адзіныя. Толькі на форуме poehali.net мы налічылі больш за 30 абвестак аб крадзяжы ровараў за апошнія 2 месяцы.

Крадуць ровары нават на паркінгах каля будынкаў тэлеканалаў БТ, АНТ, СТБ. Прыходзіць чалавек з інструментам і ўзломвае замок. Так скралі ровар у Дзмітрыя з БТ.

"Гэта быў першы з 4-х крадзяжоў каля сценаў нашай тэлекампаніі. Таксама 5 ровараў было скрадзена з АНТ".

Каля будынка АНТ нахабнікі за дзень скралі два ровары. Адзін раніцай, а калі міліцыя з'ехала, скралі другі.

Дапытлівы чытач запытае, чаму ж няма камераў на паркінгах. Ёсць, але працуюць хлопцы так хутка і прафесійна, што ахоўнік бачыць, але не разумее, што адбываецца крадзеж. На паркінгу БТ удалося зняць на відэа злачынства, але знайсці згоншчыка гэта не дапамагло.

"Людзі прафесійна працуюць. Мы бачылі гэта на відэа. Яны ведаюць, што робяць і дзеля чаго. Ці на разборку, а кажуць, што пад замову такія ровары крадуць. Таму дарагія ровары ў Беларусі, як і ў Еўропе, мець нявыгадна. Свой ровар я набыў за 400 долараў".

На форуме шмат абвестак аб крадзяжы ровара. Вось некаторыя з іх:

28 верасня скралі каля футбольнага манежу, 24 верасня каля 17 корпуса БНТУ скралі Stels 930, 22 верасня каля Палаца моладзі ровар Scott Sportster P2 2009-га года. У гэты ж дзень на Ціміразева 65б скралі ровар такой самай мадэлі, 21 верасня скралі каля кавярні "Казачны замак".

Крадуць звычайна ровары дарагіх марак — Giant, GT, Stels, Scott, якія ў Беларусі не так проста купіць, многія раварысты прывозілі іх з-за мяжы. Вось, напрыклад, ровар Scott Sportster P2 у Польшчы каштуе 1200 долараў.

Супрацоўнік Цэнтральнага РАУС, які займаецца гэтай справай, каментаваць інфармацыю адмовіўся. Таму пакуль невядома, ці знайшла міліцыя хоць адзін з ровараў.

Еўрарадыё паспрабавала даведацца, ці можна застрахаваць ровар на выпадак крадзяжу. У Белдзяржстраху нам паведамілі, што можна застрахаваць толькі на выпадак, калі яго скрадуць з дома, а на крадзеж з паркінгу гэта не распаўсюджваецца.

Прыблізная мапа "працы" злодзеяў



Найбольш аблюбаваныя месцы — паркоўка каля крамы "Рыга", будынкі БНТУ, тэлеканалаў БТ, АНТ і СТБ.

Спіс крадзеных ровараў можна паглядзець на форуме


Еўрарадыё зрабіла падборку парадаў, каб застрахавацца ад крадзяжу:

1. Не пакідайце ровар у месцах, дзе шмат ці зусім няма людзей — каля вакзалаў і кірмашоў.

2. Правярайце стойку, да якой вы прыкоўваеце ровар — каб яна была надзейна замацаваная

3. Самая надзейная сістэма бяспекі — калі немагчыма адлучыць колы ад рамы і ад аб'екта на зямлі

4. Добрыя замкі — тыя, якія не дазваляюць пракруціць колы. Але яны патрэбныя, калі вы пакідаеце ровар на кароткі час

5. Самыя надзейны замкі — гэта сталёвы стрыжань у форме літары "U". Яны дужыя і могуць вытрымліваць моц у некалькі тон, а каб спілаваць яго, трэба больш часу

6. Лепш за ўсё выкарыстоўваць некалькі тыпаў замкоў: кабельны замок, каб прышпіліць абодва колы да рамы і аб'екта на зямлі, блакіратары колаў і U-падобны замок са сталёвага стрыжня. Некалькі замкоў больш складана узламаць, чым адзін.

7. Лепш пакідаць ровар на ахоўваемай стаянцы

8. Калі ровар таго каштуе, можна ўсталяваць на яго аўтамабільную сігналізацыю са спадарожнікавай сувяззю

9. Можна забіраць усе магчымыя дэталі і аксэсуары: помпы, вела-кампутары, званкі і т.п. Усё, што лёгка зняць.

10. Запішыце сабе нумар рамы.

11. Ну, і не варта надоўга пакідаць свой ровар — напрыклад, на ноч.



Фота: sportextrem.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі