Вы тут

У Мінску адкрылася выстава #открытажить: пра жанчын, якія перажылі гвалт у сям'і

Фота Еўрарадыё

"Мой шлях да гэтага месца — больш за чатыры гады. Гэта быў перыяд, калі кожны новы дзень — боль, я думала: "Божа, яшчэ адзін дзень". Я засынала: "Божа, ячшэ адна ноч". І былі думкі толькі, як гэта ўсё спыніць. Але ў нейкі момант я звярнулася за дапамогай. Я перакрочыла праз свой страх, страх асуджэння, страх, што мяне будуць у нечым абвінавачваць. Я папрасіла: "Дапамажыце". Мне дапамаглі. Мне дапамаглі ўстаць, і не давалі ні разу ўпасці", — гэта словы Вольгі, якая ў свой час прыйшла ў прытулак для жанчын, пацярпелых ад хатняга гвалту. Цяпер яна сама дапамагае жанчынам у крызісных сітуацыях.

 

25 лістапада ў Корпусе шматлюдна. Тут адкрылася выстава #открытажить, прымеркаваная да Міжнароднага дня па барацьбе з гвалтам у дачыненні да жанчын. Сярод наведвальнікаў, між іншых — беларускі, якія перажылі гвалт у сям'і і знайшлі сілы звярнуцца па дапамогу і выйсці з адносінаў з агрэсарамі. Многія з іх удзельнічалі ў трох праектах, якія прадстаўлены на выставе.

 

"Кожная трэцяя" — праект Аляксандра Васюковіча і Дар'і Царык. Жанчыны паказаныя ў момант, калі толькі звярнуліся ў шэлтар. "Прасіць дапамогі сорамна і страшна. Сіл больш няма". 

"Открыта" — малюнкі пацярпелых ад хатняга гвалту, створаных падчас арт-тэрапіі з мастачкай Нікай Сандрос і фатографам Дзінай Ярмоленка. "Выйсце ёсць". 

"Выжылая" — праект фатографа Дашы Бубен. Даша паказвае жанчын з шэлтара пасля ўзнаўлення, калі яны бяруць кантроль над сваім жыццём.

За апошнія два з паловай гады ў прытулак звярнулася 196 жанчын і дзяцей. 4% жанчын з шэлтара вярнуліся ў ранейшыя гвалтоўныя адносіны, пасля чаго зноў прыйшлі па дапамогу. 

Цяпер у мінскім шэлтары жыве 15 жанчын. Ім аказваецца юрыдычная, псіхалагічная і сацыяльная дапамога. 

"Шэлтар пастаянна "забіты". У нас чарга. Прытулак разлічаны на 30 спальных местаў, — распавядае журналіст і аўтар праекта "Кожная трэцяя" Дар'я Царык. — Пасля кожнай актыўнасці, якая праяўляецца ў нейкай інфарматызацыі, ідзе прыток званкоў. Але колькасць кліентак не змяншаецца. Для нас важна, каб жанчыны, якія перажываюць хатні гвалт, маглі сябе ідэнтыфікаваць пацярпелымі". 

Па статыстыцы, 77% беларусак хоць аднойчы ў жыцці сутыкаліся з гвалтам у сям'і. Выстава мае мэтай прыцягнуць увагу беларусаў да праблемы хатняга гвалту. Яе арганізатары — Фонд ААН у вобласці народанасельніцтва (UNFPA) і грамадскае аб'яднанне "Радзіслава". 

Наведаць выставу можна да 29 лістапада.