У Мінску адкрылася выстава мастака, які робіць копіі шэдэўраў

У галерэі “Падземка” адкрылася выстава не зусім звычайнага мастака Гены Грышэля. Ягоная незвычайнасць не толькі ў адсутнасці якой-небудзь мастацкай адукацыі - усё жыццё Гена правёў у псіханеўралагічным інтэрнаце, дзе знаходзіцца і па сённяшні дзень.

Назва выставы “Картоны і копіі”. На палотнах мастак імкнуўся адлюстраваць сваё адчуванне шэдэўраў сусветнага жывапісу.

На выставе прадстаўлены копіі знакамітых прац, сярод якіх “Мона Ліза” Ленарда да Вінчы і шэраг прац Ван Гога: “Сланечнікі”, “Тутовае дрэва”, “Аўтапартрэт з трубкай”, “Жнец”.

Развіваць мастацкія здольнасці Гене дапамагае праца ў імправізаванай ізастудыі псіханеўралагічнага інтэрната, якая ўжо некалькі гадоў існуе дзякуючы працы некалькіх валанцёрак.

Менавіта яны другі год запар і арганізоўваюць выставу мастака. Распавядае валанцёрка Дар’я:
“Проста было вельмі цікава, як чалавек, які не мае ніякай інфармацыйнай базы ў мастацтве можа глядзець на карціну ці проста вобраз, і не бачыць у гэтым творы карціну Ван Гога ці Леанарда да Вінчы. А бачыць нейкі вобраз, з якім ён імкнецца працаваць, пераасэнсоўваць, дый наогул неяк успрымаць па-свойму”.

Гэта ўжо не першы выхад мастака ў свет. Год таму ў “Падземцы” ужо выстаўляліся працы Гены. Але, як распавяла Дар’я, гэтая выстава цалкам адрозніваецца ад папярэдняй:

“Першая выстава была роўна год таму, яна цалкам не мела ніякай тэмы. А вось гэтая ўжо з'яўляецца тэматычнай, таму што мы разам з Генай імкнуліся зрабіць копіі карцін”.

Дарэчы на выставе можна набыць карціны мастака. Кошт вагаецца ад 50 да 100 тысячаў рублёў. Таксама атрымаць карціну можна шляхам натуральнага абмену, напрыклад за якасныя фарбы.

Наведаць выставу можна да 15 ліпеня.

Аляксандра Чалей, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі