У мінскіх школах, дзе ёсць выбарчыя ўчасткі, начамі гарыць святло

Святло на выбарчым участку ў школе 215
Святло на выбарчым участку ў школе 215

У мінскіх школах, дзе размешчаныя выбарчыя ўчасткі, начамі гарыць святло. Відэа, знятае побач са школамі №157 і №159 у Фрунзенскім раёне Мінска, нам даслаў назіральнік, акрэдытаваны на адным з участкаў.

На адным роліку, знятым каля трох гадзін ночы, святло гарыць у кабінеце на другім паверсе школы №159.

— Такога не можа быць. Толькі калі міліцыянт праходзіў міма і глядзеў сейфы і шафы. Але такога не можа быць, — кажа Еўрарадыё Таццяна Данчанка, старшыня ўчастковай камісіі на ўчастку №54 з гэтай школы.

Праўда, мы адразу ж разбіраемся, што вокны яе выбарчага ўчастка выходзяць у двор — і гэта "цэлы калідор". Адпаведна, калі святло і гарэла, то не на ўчастку, а ў суседнім памяшканні.

Захоўванне скрыні для галасавання ноччу забяспечваецца старшынёй участковай камісіі. Таму працягваем тэлефанаваць старшыням камісій.

У суседняй 157-й школе святло заўважылі каля гадзіны ночы. Яно гарэла ў вокнах, якія выходзяць ва ўнутраны дворык школы.

— На ўчастку ноччу святло не гарыць, так што вас, напэўна, падманваюць. Мяне ж ноччу на ўчастку няма. Я ўстаў і ў 19:00 сышоў. Гэта не да мяне пытанні, — кажа нам старшыня размешчанага там участка для галасавання №52 Сяргей Юдзінец.

Вокны ўчастка для галасавання, размешчанага ў мінскай школе №215, аформленыя характэрнымі выбарчымі плакатамі. Святло ў іх гарэла ў раёне 23:00.

Намесніца дырэктара 215-й школы Наталля Данчанка кажа, што ўначы ў памяшканні ўчастка для галасавання... ідзе рамонт.

— Гэта школа, гэта не толькі выбарчы ўчастак. У нас ідзе рамонт. Я асабіста сваімі ручкамі прыбівала жалюзі. Мы павінны ў панядзелак у ідэал прывесці школу. У нас вакол ідзе рамонт, — кажа Наталля Данчанка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі