У мінскай папраўчай калоніі 56-ы дзень галадае грамадзянін Расіі

Пра пераслед замежных грамадзян у Беларусі праінфармавалі расійскую амбасаду ў Мінску беларускія грамадскія дзеячы. Учора некалькі адпаведных дакументаў дыпламатам перадалі праваабаронца
Цімафей Дранчук і каардынатар аргкамітэта грамадскай камісіі па
рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій (яе стварэнне было ўхвалена
кангрэсам дэмсілаў) Ігар Рынкевіч.

Сярод іх – заява аргкамітэта
грамадскай камісіі пра пераслед замежнікаў, найперш расіян.

Згадваецца
і колішняя дэпартацыя палітолага Суздальцава, і цяперашняя галадоўка ў
папраўчай калоніі агульнага і ўзмоцненага рэжымаў № 1 г. Мінска Мікалая
Костышава
, які пратэстуе супраць абвінавачвання, бо лічыць яго
незаконным.

Вось што распавёў Еўрарадыё пра размову з расійскім дыпламатам Ігар Рынкевіч:


“Я нагадаў прадстаўніку расійскай амбасады аташэ Кобзеву, што гэты
чалавек галадае ўжо больш за Аляксандра Казуліна, 55-ы дзень, а сёння

(размова з Рынкевічам была запісаная ў нядзелю - ЕРБ) ўжо 56-ы. І мы
просім расійскую амбасаду прыняць адпаведныя меры”.


Паводле словаў Рынкевіча, дыпламат сказаў, што абавязкова давядзе
інфармацыю да свайго кіраўніцтва, каб яны звярнулі на гэта ўвагу.

Нагадаем, што Мікалай Костышаў у 2006 годзе быў асуджаны на 12 гадоў
пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці “за бандытызм, разбой і
крадзёж асабістых дакументаў”.