Вы тут

У Мазыры за ўдзел у пратэстах жніўня 2020-га затрымалі 11 чалавек

Затрыманне ў Мазыры / Скрыншот з відэа МУС

У Мазыры за ўдзел у пратэстах жніўня 2020-га затрымалі 11 чалавек. Як паведамляе прэс-служба МУС, на іх выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. 4 траўня была праведзена "спецаперацыя", у якой задзейнічалі байцоў АМАП і Зводнага атрада хуткага рэагавання.

У чым падазраюць затрыманых? "Увечары 11 жніўня на Бульвары Юнацтва агрэсіўна настроеныя людзі распылялі ў праваахоўнікаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні", — піша прэс-служба МУС. Паведамляецца, што тады пацярпеў адзін міліцыянер, былі пашкоджаны службовыя аўтамабілі. Пратэстоўцаў спынялі папераджальнымі стрэламі ў паветра.

Дзесяць затрыманых ва ўзросце 18-27 гадоў. Яны раней "уваходзілі ў мясцовую каляфутбольную групоўку праварадыкальнай скіраванасці". У яе не ўваходзіў 54-гадовы мужчына, які таксама затрыманы ў аўторак. Усе яны з'яўляюцца падазраванымі па крымінальнай справе, распачатай па факце "групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.