У Мазыры чыноўнікі дазволілі ў басейне рабіць фота на фоне БЧБ-паплаўкоў

Фота басейна носіць ілюстрацыйны характар / kurort.by
Фота басейна носіць ілюстрацыйны характар / kurort.by

У Мазыры чыноўнікі дазволілі рабіць здымкі на фоне БЧБ-паплаўкоў ў басейне. З адпаведным запытам у гарвыканкам звярнуліся мясцовыя жыхары, паведамляе svaboda.org. Яны звярнулі ўвагу на паплаўкі і перагародкі ў басейне белага і чырвонага колераў.

"Ці будзе лічыцца заплыў у басейне пікетам або несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам з выкарыстаннем сімволікі  "па схеме БЧБ"? Ці могуць быць прыцягнуты да адказнасці персанал і наведвальнікі басейна па артыкуле 23.34? Ці можна ў інтэрнэце размясціць фатаграфіі з басейна, дзе бачныя перагародкі?", — спыталі жыхары Мазыра.

Намеснік старшыні райвыканкама Фелікс Галюк супакоіў гараджан: у басейне можна купацца і нават фатаграфавацца. Але ёсць адно але:

"Калі малюнак фотаздымкаў, зробленых у басейне, змяшчае ў якасці элементаў абазначэння разметкі, прызначанай выключна для выканання правілаў бяспекі, без вашых каментароў па адпаведнай тэме, размяшчэнне гэтых фатаграфій не забаронена", — гаворыцца ў адказе.

У апошні час у Беларусі пачасціліся выпадкі, калі людзей прыцягваюць да адказнасці за выкарыстанне БЧБ-сімволікі, якую сілавікі называюць "пратэстнай". Даходзіць да абсурду: штраф, напрыклад, атрымала жыхарка Гродна за штаны з БЧБ-лампасамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі