Вы тут

У матчы Кубка Дэвіса паміж Беларуссю і Партугаліяй пасля першага дня лік 1:1

Ягор Герасімаў / БЕЛТА

13 верасня ў Мінскім палацы тэніса стартавалі матчы першай групы Еўра-Афрыканскай зоны Кубка Дэвіса. Сапернікамі нашай зборнай выступаюць тэнісісты Партугаліі. 

У першым адзіночным паядынку Ілля Івашка (135-ы нумар рэйтынгу АТП) прайграў Жуану Соўзе (64) — 6:4, 1:6, 2:6. Сустрэча працягвалася 1 гадзіну 38 хвілін.

У другім матчы Ягор Герасімаў (119) менш чым за гадзіну перамог Жоао Дамінгеша (179) — 6:2, 6:3.  

Такім чынам, лік у матчы Кубка Дэвіса Беларусь — Партугалія стаў роўны — 1:1.

14 верасня ў 11:00 пачнецца парная сустрэча. Нашу краіну будзе прадстаўляць Уладзімір Ігнацік і Андрэй Васілеўскі, а Партугалію — Жуан Соўза і Пэдра Соўза

Пасля гэтага пройдуць два адзіночныя паядынкі: Ягор Герасімаў выйдзе супраць Жуана Соўзы, а Ілля Івашка — супраць Жоао Дамінгеша. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.