У Маскве дэпутат атрымаў 7 гадоў калоніі за распаўсюд "фэйкаў" пра армію РФ

8 ліпеня Мяшчанскі суд Масквы асудзіў на 7 гадоў калонні агульнага рэжыму муніцыпальнага дэпутата Краснасельскага раёна Аляксея Горынава. Яго прызналі вінаватым у распаўсюдзе "фэйкаў" ("загадзя ілжывай інфармацыі") пра расійскую армію "групай асоб з выкарыстаннем свайго службовага становішча", паведамляе novayagazeta.eu.

Горынаў выказаўся 15 сакавіка 2022-га на пасяджэнні Савета дэпутатаў муніцыпальнай акругі. Ён назваў "спецаперацыю" ва Украіне вайной і згадаў гібель украінскіх дзяцей. А гэта супярэчыць афіцыйнай інфармацыі Мінабароны Расіі, заявіла абвінавачванне. Разам з Аляксеем Горынавым на тым пасяджэнні сваё меркаванне агучыла кіраўніца муніцыпальнай акругі Алена Кацёначкіна. На яе таксама распачалі справу, але яна паспела з'ехаць за мяжу. Кацёначкіну аб'явілі ў міжнародны вышук і завочна арыштавалі.

Іх словы былі зафіксаваны на відэа. Таксама з паказаннямі выступілі сведкі, была праведзена псіхолага-лінгвістычная экспертыза з выказваннямі дэпутата.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.