У машыне жыхара Бярозы заўважылі вымпел з "Пагоняй", яго адправілі за краты

Бел-чырвона-белы вымпел з гербам "Пагоня" (ілюстрацыйнае фота)

Бел-чырвона-белы вымпел з гербам "Пагоня" (ілюстрацыйнае фота) / t.me/viasna96/

У аўтамабілі жыхара Бярозы (Брэсцкая вобласць) заўважылі вымпел з "Пагоняй", яго адправілі за краты, піша "Зеркало". У пратаколе не пазначана, ці міліцыянеры самі пабачылі "крамолу", ці хтосьці ім падказаў. Мужчыну схапілі 2 студзеня каля адной з крамаў у раённым цэнтры.

Міліцыянеры палічылі, што іх зямляк павесіў вымпел на люстэрку задняга віду "для дэманстрацыі грамадзянам з мэтай публічнага выказвання сваіх грамадска-палітычных інтарэсаў". Мужчына сябе вінаватым не прызнаў, заявіў у судзе, што не праводзіў "пікетавання" і не "выказваў інтарэсы". Вымпел з гербам "Пагоня" ён павесіў, як "элемент гістарычнай памяці". Суддзя ж заявіў, што абвінавачаны "раней перасылаў экстрэмісцкія матэрыялы, быў асведамлены пра грамадска-палітычныя падзеі, якія адбыліся ў краіне пачынаючы з 2020 года, у тым ліку і аб выкарыстанні выявы герба "Пагоня". Прызнаў мужчыну вінаватым у "парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў" і адправіў яго на 7 сутак пад адміністрацыйны арышт.

Дарэчы, суд адбыўся толькі 5 лютага. З часу затрымання прайшоў месяц. Увесь гэты час жыхар Бярозы быў без аўтамабіля, паколькі на яго наклалі арышт і адправілі на штрафстаянку. Арышт з машыны знялі толькі пасля абвяшчэння прысуду.

"Пагоня", якая ў 1990-я была дзяржаўным гербам РБ, вельмі раздражняе сілавікоў і прапагандыстаў. Мінулым летам будаўніка арыштавалі за татуіроўку з "Пагоняй" ("пікет у сацсетках"), восенню за сцяжок з гербам "Пагоня" затрымалі трактарыста, за налепкі — заўзятараў хакейнага клуба "Магілёў", за бірульку на сумцы — мужчыну на мяжы. У канцы мінулага года жыхара Ганцавіцкага раёна асудзілі на 10 сутак за налепку з "Пагоняй", якую знайшлі ў шафе ў кнізе. Сёлета ў Камянецкай вежы прыбралі сцяг з "Пагоняй".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі