У Магілёве завяршылі расследаванне справы “чорных рыэлтараў”

У Магілёве завяршылі расследаванне справы “чорных рыэлтараў”

У Магілёве завяршылі расследаванне справы “чорных рыэлтараў”. Абвінавачаныя — сямейная пара (50-гадовы мужчына і 48-гадовая жанчына). На працягу амаль дзевяці гадоў яны займаліся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю, здзяйснялі здзелкі з аб’ектамі нерухомасці. У Магілёве і ў вобласці яны знаходзілі кватэры, у якіх жылі “маламаёмасныя, адзінокія і сацыяльна-уразлівыя грамадзяне”. Мужчына і жанчына ўступалі з імі “ў даверныя адносіны”, прапаноўвалі абмяняць ці прадаць кватэры, абяцалі прадставіць іншае жыллё, грошы і г. д. Аднак гэтыя абавязкі выконваць не збіраліся. Кватэры афармляліся на “чорных рыэлтараў” ці іх сваякоў.

Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, следства выявіла 16 эпізодаў злачыннай дзейнасці магілёўцаў. Яны незаконна атрымалі больш за 526 тысяч рублёў. Абвінавачанне выстаўленае па артыкуле "махлярства, здзейсненае ў буйным памеры і незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры". Быў накладзены арышт на маёмасць абвінавачаных, у тым ліку на аўтамабілі, грошы, нерухомасць, залатыя вырабы (на агульную суму каля 60 тысяч рублёў).

Пад вартай знаходзіцца толькі мужчына. Крымінальную справу накіруюць пракурору для яе перадачы ў суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі