Вы тут

У Магілёве за кратамі галадае журналіст Алесь Асіпцоў, ён асуджаны на 10 сутак

Алесь Асіпцоў / svaboda.org

У Магілёве працягваюцца суды над грамадскімі актывістамі і журналістамі. Як паведамляюць праваабаронцы, 12 траўня журналіст Алесь Асіпцоў атрымаў 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў "несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве". 9 траўня Асіпцова затрымалі ў Бабруйску, дзе мусіў адбыцца "Антыпарад". Пэўны час не было вядома, дзе ён знаходзіцца. За кратамі журналіст трымае галадоўку.

Цікава, што суддзя Кастрычніцкага суда Магілёва Наталля Ясенка дазволіла прысутнічаць на разглядзе справы Асіпцова толькі тром асобам. Яна спаслалася на прадухіленне распаўсюду каранавіруса, пры гэтым сама была без ахоўнай маскі.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва разглядалася справа праваабаронцы і журналіста Аляксандра Буракова. За дзве хвіліны ўдзелу 6 траўня ў акцыі каля Магілёўскага ізалятара часовага ўтрымання ён асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Выхадныя дні Буракоў правёў за кратамі.

А ў судзе Кастрычніцкага раёна на 7 сутак арышту асуджаны Андрэй Бадзілеў, каардынатар ініцыятывы "За здаровы Магілёў".

Аляксандр Буракоў у судзе / MSPRING.ONLINE

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.