У Магілёве з інтэрнату высяляюць маці-адзіночку з двума дзецьмі

Судовае пасяджэнне, на якім будзе разглядацца пытанне аб яе высяленні, прызначанае на 12 сакавіка. Жанчына ў роспачы і не ведае, што рабіць. Іншага месца жыхарства ў горадзе яна не мае. Распавядае Ірына Ільінская:

“Мы пражылі ў інтэрнаце ад Будаўнічага трэста №12 больш за 14 гадоў. У нас скончылася дамова найму. А новую дамову яны з намі не хочуць заключаць з той нагоды, што, нібыта, з’явіўся ўказ, што фізічныя асобы не могуць самі аплачваць інтэрнаты. Тым часам я заўжды аплачвала інтэрнат як фізічная асоба. З гэтай нагоды яны сказалі, што не будуць падпісваць дагавор найму”.

Жанчына кажа, што адна з прычын яе высялення — асабісты канфлікт з каменданткай інтэрната, маці дырэктара будаўнічага трэста №12, якому і належыць будынак:

“На дадзены момант я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. У мяне дачцы 2,5 года, а старэйшаму сыну 18 сакавіка споўніца 8 гадоў. Я жыла ў інтэрнаце па хадатайніцтве іншай арганізацыі. Раней жыла і праблем не было. Цяпер у мяне сталі напружаныя ўзаемаадносіны з каменданткай інтэрната. Мы з ёй часта сварымся. Яна сказала мне, што ў інтэрнаце я жыць не буду ні пры якім раскладзе — ні па добраму, ні па дрэннаму, што яна мяне па-любому адсюль выжыве”.

Каб дамовіцца на права жыць у інтэрнаце, жанчына абышла ўсе мясцовыя выканкамы, ад райвыканкама, да аблвыканкама, аднак, ніхто з чыноўнікаў ёй дапамагчы так і не здолеў:

“Я пайшла ў адміністрацыю Ленінскага раёна. Там мне сказалі, што нічым дапамагчы не могуць, бо няма свабодных нават ложка-месцаў. Таму, едзь туды, адкуль прыехала. У гарвыканкаме сказалі, каб прама цяпер бегла і тэрмінова аддавала дачку ў дзіцячы садок, а сама ўладкавалася ў “Арму” на працу, што нам ад гэтай арганізацыі дадуць інтэрнат. Я туды патэлефанавала. Яны сказалі, што бяруць мяне на працу, аднак жыллё даць не могуць. Маладым спецыялістам выдаюць толькі ложка-месца. На пакой ёсць свая чарга і, каб яго атрымаць, трэба адпрацаваць не менш за паўгода”.

У аблвыканкаме чыноўнік параіў маці-адзіночцы ехаць жыць у вёску і працаваць даяркай, нібы і праца будзе, і дом дадуць, аднак жанчына з такімі перспектывамі не згодная, бо на заробак даяркі двух дзяцей не пракорміш.

Жанчына ўжо звярнулася па прававую дапамогу ў незалежны прафсаюз Радыёэлектроннай прамысловасці. У самы бліжэйшы час яна сустрэнецца з юрыстам і распавядзе пра сваю сітуацыю. У прафсаюзе ж адзначаюць, што па новым Жыллёвым кодэксе і законе аб інтэрнатах маці-адзіночка не мае ніякіх льгот на пражыванне, і яе сапраўды могуць выселіць, аднак збіраюцца дапамагаць жанчыне чым могуць.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі