У Магілёве раскрадальнікаў кветак з клумбаў будуць лавіць фотапасткамі

У Магілёве раскрадальнікаў кветак з клумбаў будуць лавіць пры дапамозе фотапастак. Пра новы спосаб змагання з аматарамі дармавых кветак паведамілі ў “Магілёўзелянбудзе”.

У арганізацыі кажуць, што крадзеж кветак з вазонамі ў параўнанні з мінулым годам павялічыўся ў некалькі разоў. Былі выпадкі, калі за ноч знікала да дзясятка дэкаратыўнага кустоўя.

Пасля высадкі кветак у Тэатральным скверы давялося на ноч пакідаць вартаўніка, бо расаду кралі нават удзень. Гарадскому бюджэту нанесеныя страты ў памеры ста мільёнаў недэнамінаваных рублёў, пішуць Магілёўскія ведамасці.

У “Магілёўзелянбудзе” кажуць, што мабільныя фотапасткі ўжо былі адпрацаваныя на аматарах несанкцыяванага выкіду смецця. У гэтым годзе з дапамогай такіх прыладаў былі выяўленыя асобы чатырох нядобрасумленных грамадзян.