Вы тут

У Магілёве падчас разгону пратэсту паранілі чалавека

Андрэй Вярбіцкі, паранены ў Магілёве / svaboda.org

Пасля разгону акцыі 27 верасня ў Магілёве быў шпіталізаваны 38-гадовы Андрэй Вярбіцкі — яму разбілі твар. Як перадае Радыё "Свабода", з Ленінскага райаддзела міліцыі мужчыну даставілі ў лякарню хуткай дапамогі. Праверкай гэтага факту займаецца Следчы камітэт: следчы прыходзіў да пацярпелага 27 і 28 верасня.

Паведамляецца, што траўы Вярбіцкі атрымаў на плошчы Арджанікідзэ, дзе супраць пратэстоўцаў міліцыянты ўжылі сілу і спецсродкі: стралялі ў паветра са святлошумавой ракетніцы.

Магілёвец кажа, што ў групе амапаўцаў найбольш жорстка паводзілі сябе два міліцыянты, якія мэтанакіравана ішлі на яго і мужчыну побач, якому перапала значна болей. 

"Я літаральна на секунду зірнуў на мужчыну побач, і мне адразу нанеслі ўдар, але не дручком, бо ад яго застаўся б шнар. А так у мяне пад вокам здзертая скура і лоб рассечаны. Я схапіўся за твар. Адчуў, што пацякла кроў. Групаваўся, локцямі прыкрыў тулава. Прасіў, каб мяне не білі, бо сам пайду, куды скажуць. Калі я сагнуўся, прагучаў стрэл. Каля мяне бліснула. Потым яшчэ было два ўдары па баках, але не скажу, што моцныя", — згадвае магілёвец.

У мікрааўтобусе Вярбіцкі, па яго словах, прасіў выклікаць хуткую, бо пачаў траціць прытомнасць. "У аддзел міліцыі мяне вялі, бо карцінка перада мною была расплывістая. Праз гадзіну ў аддзел прыехала хуткая", — распавядае ён.

Паводле папярэдняга дыягназу, у Вярбіцкага чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, ушыбленая рана ў лобнай вобласці. Яму прызначылі шэраг працэдураў для дэталёвага абследавання.

Па падліках праваабаронцаў, 27 верасня міліцыянты затрымалі ў Магілёве больш за 30 чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.