У Магілёве невядомыя з міліцыяй прарываліся да незалежнага журналіста

У Магілёве невядомыя з міліцыяй прарываліся да незалежнага журналіста

У пятніцу 13-га лістапада сямёра чалавек, сярод якіх былі двое міліцыянтаў, спрабавалі патрапіць у прыватную кватэру незалежнага магілёўскага журналіста Ігара Барысава. З усіх прысутных свае дакументы прад’явілі толькі міліцыянты, а таксама адзін з мужчын, які назваўся старэйшым майстрам ТДА “Камунальнік”.

Журналіст не пусціў "делегацыю" ў кватэру, бо яму так і не патлумачылі канкрэтную прычыну праверкі. Прычым, іншыя кватэры ў гэтым доме правяраць ніхто не збіраўся, распавядае Ігар Барысаў. Размову з невядомымі журналіст з жонкай запісалі на дыктафон і камеру мабільнага тэлефона:
"Вось супрацоўнікі міліцыі. Пакажыце прадпісанне. Вы ведаеце, што агляд кватэры адбываецца з санкцыі пракурора. Тут жа падставаў для агляду кватэры няма. У адпаведнасці з Тэхнічным кодэксам і практыкай, агляд памяшканняў адбываецца напярэдадні ацяпляльнага сезона да 15 кастрычніка. Азнаёмцеся спачатку з нарматыўнай дакументацыяй!"

За некалькі гадзін да візіту невядомых, якія назваліся камунальнікамі, Барысавы атрымалі па пошце прадпісанне, у якім пазначалася, што ў 14.00 13 лістапада яны маюць прадаставіць доступ у кватэру для агляду.

"Прадпісанне, якое было выпісанае старшым майстрам ТДА “Камунальнік”, незаконнае. Дзеянні двух міліцыянтаў а таксама пяці чалавек, якія спрабавалі патрапіць у нашу кватэру, неабгрунтаваныя і незаконныя. Канстытуцыя і міжнародныя нормы права гарантуюць нам недатыкальнасць жытла. Дамова аб аказанні тэхнічных і камунальных паслуг таксама не дае права службовым асобам "Камунальніка" адвольна пранікаць у наша жытло. Агляд памяшкання можа адбыцца ў адпаведнасці з планамі і графікамі, якія ў "Камунальніка" адсутнічалі".

Барысавы кажуць, што своечасова плацяць камунальныя плацяжы, не затопліваюць суседзяў, праблем з ацяпленнем, вадаправодам і каналізацыяй у сваёй кватэры не маюць. Суседзі на іх не скардзяцца і характарызуюць Барысавых станоўча. На думку самога незалежнага журналіста, праверка звязаная з яго працай:

"На працягу апошніх паўгода мяне спрабуюць прыцягнуць хоць да нейкай адказнасці. Спачатку гэта спрабавалі зрабіць міліцыянты, цяпер гэта спрабуюць рабіць падаткавікі, і да іх далучыліся ўжо і камунальнікі. Я больш чым перакананы, што такая ўвага да мяне ўсіх гэтых структур звязаная з маёй грамадска-палітычнай і журналісцкай дзейнасцю".

Нагадаем, што 12 сакавіка ў кватэры Ігара Барысава супрацоўнікі міліцыі з санкцыі пракурора правялі агляд і канфіскавалі тры камп'ютары. Прычынай для іх візіту паслужыла адна з публікацый на сайце газеты “НАШ Магілёў”, у якой дырэктар магілёўскага прадпрыемства “Стужка” убачыў на сябе паклёп і напісаў заяву ў міліцыю. Даказаць датычнасць Ігара Барысава да напісання і размяшчэння дадзенага артыкула не атрымалася. Аднак ціск на яго з таго часу працягваецца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі