У Магілёве на Дзяды ўшанавалі памяць рэпрэсаваных

Каля 40 чалавек прыйшлі да крыжа, ўсталяванага на месцы найбольш масавага пахавання расстраляных у гады сталінскіх рэпрэсій. Міхась Булавацкі, сябра Мартыралогу Беларусі, сказаў: "Першыя растрэлы тут былі на пачатку 20-х гадоў. На гэтым месцы расстрэльвалі і святароў, і праваслаўных, і каталікоў, і цывільных, і ваенных". Да крыжа штогод прыходзіць і дачка расстралянага ў 1937 г. Антона Каліновіча Ядвіга: "Тата мой ляжыць з 37 года, 16 кастрычніка расстралялі. Забралі ні за што. За тое, што працаваў. А нас з дому на снег выкінулі. Маці падавала ў вышук, сказалі, што памёр ад заражэння крыві. Калі скончылася вайна, сказалі нам праўду, аддалі ягоны партрэт, зроблены перад растрэлам". Замоўчваюць гэта і цяперашнія ўлады. Самі фактаў растрэлаў не адмаўляюць, але афіцыйна не прызнаюць, што гэта было ў 1930-я гг. На месцы захоўванняў працавала камісія, але вынікі яе працы ўлады схавалі, кажа гісторык Ігар Пушкін: "Камісія была цалкам упэўненая, што гэта растрэлы савецкага перыяду. Што гэта не растрэлы ваенныя. Ніякіх дакументаў аб дзейнасці той камісіі не знойдзена. Іх проста знішчылі. І нават загад аб стварэнні той камісіі не знойдзены". За акцыяй і цяпер назіралі спецназаўцы. Прытым мясцовыя ўлады не адмаўляюць факта існавання пахаванняў, і нават адрамантавалі крыж, які паваліла апошняя навальніца. Але побач на месцы пахаванняў ужо пачалі будаваць дамы. Юрась Вітальеў, Магілёў

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі