Вы тут

У Магілёве асуджаная жанчына, якая не вярнула памылкова выдадзеныя ў банку грошы

Здымак з архіву. Фота: sb.by

У Магілёве асуджаная жанчына, якая не вярнула памылкова выдадзеныя ёй у банку грошы. Яна атрымлівала ад свайго сябра з Расіі грашовы перавод у памеры 850 расійскіх рублёў. Дзяўчына-касірка памылілася і выдала ёй 850 тысяч — гэта амаль 25 тысяч беларускіх рублёў. Менавіта ў беларускіх рублях і пажадала атрымаць грошы жыхарка Магілёўскага раёна. Паколькі сума была вялікая, большая за 1000 базавых велічынь, кліентцы прапанавалі запоўніць анкету, інфармуе sb.by.

Жанчына не магла не разумець, што адбылася памылка. На запісе камеры відэаназірання відаць, як яна каля табло з курсамі валют на сваім мабільным тэлефоне праводзіла разлікі. Там жа відаць, што падчас атрымання грошай кліентка хутка паклала пачкі грошай у сумку, не пералічвала іх і сышла. У судзе жанчына скажа, што доўгі час жыве ў Расіі і не магла дакладна ацаніць памер сумы ў беларускіх рублях. Да суда справа магла і не дайсці. Калі банкаўскія работнікі заўважылі памылку, звярталіся да яе і да мужчыны, які адпраўляў грошы. Але яны адмовіліся вяртаць лішнюю суму. Толькі пасля гэтага і быў зварот у міліцыю.

На судзе жанчына запэўнівала, што пра памылку даведалася ўжо ў Расіі ад свайго грамадзянскага мужа. Аднак грошы не паспела вярнуць: ён іх забраў і знік. Прысуд — 5 гадоў зняволення.