Вы тут

У Літве выказаліся пра заяву Лукашэнкі: Поўная бязглуздзіца і небыліцы

Фота: ria.ru

У Літве выказаліся пра сённяшнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі. З каментарамі выступілі міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус і кіраўнік парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Вітаўтас Бакас.

Як паведамляла Еўрарадыё, падчас сустрэчы з работнікамі прадпрыемстваў кампаніі "Кронаспан" у Магілёве Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі "затрымалі пару дзесяткаў баевікоў, якія рыхтавалі правакацыю са зброяй". Паводле слоў Лукашэнкі, адзін з лагераў быў у раёне Бабруйска і Асіповічаў, астатнія ва Украіне, "у Літве ці ў Польшчы". Грошы баевікам "ішлі праз Польшчу і Літву".

Як інфармуе Delfi, міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус назваў гэтую заяву Аляксандра Лукашэнкі выдумкай і высмактанымі з пальца небыліцамі. Паводле яго слоў, ад кіраўніка дзяржавы хацелася б пачуць "абгрунтаваныя заявы". Лінкявічус заклікае ўлады Беларусі на фоне напружанай сітуацыі, якая склалася ў нашай краіне, спыніць штучны пошук ворагаў унутры краіны і ў замежжы, паважаць правы чалавека. Ён падкрэсліў, што ад гэтага будуць залежаць адносіны Беларусі і Еўрасаюза.

"У недалёкім мінулым мы бачылі пазітыўныя знакі, мы б хацелі, каб сітуацыя не разгарнулася ў горшы бок. Спадзяемся, што мы не вернемся да сітуацыі , калі ў Беларусі былі палітычныя зняволеныя", — сказаў Лінас Лінкявічус.

Кіраўнік парламенцкага камітэта па нацыянальнай бяспецы і абароне Вітаўтас Бакас лічыць заяву Лукашэнку пра датычнасць Літвы да падрыхтоўкі нейкіх баявікоў "поўнай бязглуздзіцай", якая не мае нічога агульнага з праўдай. Ён не выключае, што словы кіраўніка Беларусі могуць быць праявай ціску з боку Расіі, а таксама ўнутранай напружанасці ў нашай краіне.

"Відавочна, што Лукашэнка сам знаходзіцца ў пэўным палітычным крызісе, паколькі Расія насамрэч цісне на Беларусь па выкананні ўяўных або рэальных абавязацельстваў па аплаце доўгу за нафту, — кажа Бакас. — З іншага боку, у гэтай краіны ёсць праблемы з эканомікай. Гэта аўтарытарная дзяржава, Лукашэнка спрабуе лавіраваць паміж Усходам і Захадам. Гэта можа быць праявай гэтага кідання або ўнутранага ціску, які там ёсць, паколькі як мы ведаем, людзі пратэстуюць".