Вы тут

У Літве пачалі расследаваць злачынствы супраць чалавечнасці ў Беларусі

Максім Харошын пасля затрымання міліцыяй у Мінску

Генпракурор Літвы Эвалдас Пашыліс пачаў дасудовае расследаванне злачынстваў супраць чалавечнасці па скарзе грамадзяніна Беларусі. Ён звярнуўся ў пракуратуру ў канцы лістапада, у заяве паведаміў пра гвалтоўныя дзеянні, якія былі здзейсненыя над ім 13 кастрычніка ў беларускай сталіцы.

"Абставіны здарэння, названыя заяўнікам, і іншыя першасныя звесткі, прадстаўленыя пракуратуры, маюць склад злачынства, у адносінах да якога, паводле Крымінальнага кодэкса Літвы, ужываецца ўніверсальная юрысдыкцыя", цытуе паведамленне Генпракуратуры Delfi.

Прэс-служба Святланы Ціханоўскай удакладняе, што гаворка ідзе пра беларуса Максіма Харошына. Адзначаецца, што рыхтуюцца заявы і доказы па іншых справах.

Бізнесмен, адзін з уладальнікаў крамы кветак Харошын пасля жорсткага затрымання і знаходжання ў РУУС трапіў у лякарню. Сілавікі падазравалі яго ў тым, што гэта ён разабраў вадамёт на адным з мінскіх маршаў. Мужчына кажа, што яго збівалі (міліцыя назвала гэтыя звесткі "неправеранымі"). У кастрычніку Максім Харошын разам з сям'ёй з'ехаў у Літву.

У Беларусі дагэтуль не распачата ніводнай крымінальнай справы па шматлікіх фактах збіцця і катаванняў людзей сілавікамі летам-восенню 2020-га. А вось у дачыненні пратэстоўцаў распачалі сотні крымінальных спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.