У Літве "Газпрам" аштрафавалі амаль на 36 мільёнаў еўра

Штраф у 123,1 млн літаў (35,7 млн еўра) звязаны з расследаваннем Савета па канкурэнцыі, пачатым у ліпені 2012 года. Тады кампанія Lietuvos energijos gamyba выказала намер заключыць угоду з расійскім газавым канцэрнам.



У 2004 годзе Літва дазволіла "Газпраму" набыць 34% акцый сваёй газавай кампаніі Lietuvos dujos з умовай, што не будуць стварацца перашкоды для літоўскіх спажыўцоў закупляць газ у іншых пастаўшчыкоў. У лютым 2012 года Lietuvos energija (цяпер — Lietuvos energijos gamyba) знайшла магчымасць набыць газ на больш спрыяльных умовах у Заходняй Еўропе і звярнулася да расійскай кампаніі Gazprom Export, папрасіўшы даць магчымасць для абмену газам. У гэтым разе частка газу, які Gazprom Export пастаўляе ў Польшчу праз Беларусь, была б накіраваная Lietuvos energija, а ўтвораны недахоп газу "Газпрама" ў Польшчы быў бы пакрыты за кошт аб'ёмаў газу, набытых Lietuvos energija ў расійскай газавай кампаніі.



Аднак "Газпрам" адмовіўся весці гэтыя перамовы, парушыўшы папярэднюю дамову. Пазіцыя расійскай кампаніі пагражала ростам цэнаў для літоўскіх спажыўцоў электра- і цеплаэнергіі.



Штраф быў прызначаны ў той час, калі Еўракамісія завяршала расследаванне пытання завышаных цэнаў на газ, якія ўжываліся "Газпрамам" пры пастаўках газу ў Літву і ў іншыя краіны Усходняй Еўропы, адзначае ru.delfi.lt. Таксама ў гэты час у Стакгольмскім арбітражы разглядаецца пазоў урада Літвы супраць расійскага манапаліста на суму каля 4,5 млрд літаў.



Фота — Reuters

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі