У Кыргызстане сёння Дзень нацыянальнай жалобы ў памяць пра загінулых на мяжы

Падчас абвастрэння канфлікту людзі імкнуліся з'ехаць з небяспечных раёнаў / kloop.kg

У Кыргызстане 19 верасня абвясцілі Днём нацыянальнай жалобы, паведамляе рэсурс kloop.kg. Жалобу абвясцілі ў памяць пра грамадзян краіны, якія загінулі ў памежным канфлікце на мінулым тыдні. Канфлікт узнік на мяжы з Таджыкістанам, абодва бакі бакі абвінавацілі адзін аднаго ў эскалацыі і ўжылі зброю. За тры дні ўзброенага сутыкнення загінула як мінімум 36 грамадзян Кыргызстана.

Сёння ў краіне, а таксама на будынках дыпламатычных і консульскіх устаноў за мяжой прыспушчаныя флагі. На тэлебачанні адмененыя забаўляльныя праграмы.

Таджыкскі бок афіцыйную інфармацыю пра пацярпелых або загінулых пакуль не апублікаваў.  У памежнай службе Кыргызстана кажуць, што на 18 верасня абстаноўка на мяжы з Таджыкістанам стабілізуецца.

Канфлікты ў гэтым рэгіёне перыядычна ўзнікаюць праз няўзгодненасць лініі мяжы. У бакоў каля 70 спрэчных участкаў. З 972 км агульнай мяжы пакуль узгодненыя толькі каля 600 км.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.