У Кобрыне затрымалі мастака, які падрабляў беларускія і замежныя дакументы
У Кобрыне затрымалі 62-гадовага мастака, які падрабляў беларускія і замежныя дакументы. Як інфармуе прэс-служба Дзяржаўнага памежнага камітэта, на яго след сілавікі выйшлі пасля выяўлення ў мясцовага жыхара падробленай даведкі аб пацверджанні працоўнага стажу. Яе мужчына прадаставіў у дзяржаўны орган. Ён прызнаўся, хто вырабіў фальшывы дакумент. Затрыманне мастака правялі супрацоўнікі Пінскага памежнага атрада.
Высветлілася, што жыхар Кобрына ў 1990-я ўжо меў праблемы з законам — сілавікі тады зацікавіліся яго "творчасцю" з грашовымі купюрамі. Цяпер жа падчас ператрусу ў затрыманага знайшлі "неарыгінальныя" беларускія, украінскія і польскія пашпарты, шмат іншых дакументаў (пасведчанняў аб нараджэнні і заключэнні шлюбаў, атэстатаў, дыпломаў аб вышэйшай адукацыі, бланкаў працоўных кніг).
Абодвум мужчынам пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Высвятляюцца і іншыя асобы, якія могуць мець дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.