У Кіеве заявілі, што не затрымлівалі расійскіх настаўнікаў на Харкаўшчыне

У Офісе генпракурора Украіны заявілі, што не затрымлівалі расійскіх настаўнікаў на вызваленай тэрыторыі ў Харкаўскай вобласці, паведамляе currenttime.tv. Раней заяўлялася, што такія ёсць і іх будуць судзіць (у прыватнасці пра гэта гаварыла віцэ-прэм'ер Ірына Верашчук). Сцвярджалася, што педагогі прыехалі з РФ і вучылі ўкраінскіх дзяцей па расійскіх праграмах, а падчас украінскага контрнаступу не паспелі эвакуявацца.

Расійскі бок адмаўляў, што ўкраінцы захапілі расійскіх настаўнікаў — нібыта яны паспелі выехаць у Расію. Тым не менш, Следчы камітэт РФ распачаў крымінальную справу з-за затрымання ва Украіне расійскіх настаўнікаў.

Дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч напярэдадні заявіў, што распаўсюд інфармацыі пра крымінальны пераслед педагогаў, якія працавалі на акупаванай тэрыторыі, павінен засцерагчы тых, хто яшчэ не пагадзіўся на такую працу.

Верашчук гаварыла і пра ўкраінцаў-настаўнікаў, якія выкладалі ў школах пад расійскай акупацыяй па праграме РФ. Іх пакараюць як "калабарантаў".

Расійскі атэстат, які выдалі ў жніўні ў акупаваным Ізюме / t.me/Tsaplienko

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.