У Кіеве заявілі аб асіметрычным адказе на ракетныя абстрэлы — 338-я раніца вайны

Адказам на расійскія ракетныя абстрэлы павінны стаць новы рух УСУ на фронце, кажа Зяленскі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Адказам на расійскія ракетныя абстрэлы павінны стаць новы рух УСУ на фронце, кажа Зяленскі / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Адказам на расійскія ракетныя абстрэлы Украіны павінна быць паражэнне іх наземных сіл. Пра гэта ўкраінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі казаў гэтай ноччу ў традыцыйным відэазвароце.

"На гэты расійскі тэрор патрэбныя асіметрычныя адказы. Трэбы новы рух нашых сіл на фронце. Трэба забяспечыць паражэнне наземных сіл тэрарыстаў", — заявіў Зяленскі. Па яго словах, што б там ні планавалі расіяне, "наша падрыхтоўка павінна быць мацней". Учора Зяленскі склікаў Стаўку, каб абмеркаваць "меры яшчэ больш надзейнага процідзеяння" будучым ракетным пагрозам.

Па стане на вечар 26 студзеня абмежаванні паставак электрычнасці заставаліся ў большасці рэгіёнаў Украіны, аб гэтым таксама Зяленскі распавёў у відэазвароце. Самая складаная сітуацыя — у Адэскай, Львоўскай, Вінніцкай, Кіеўскай, Сумскай і Палтаўскай абласцях. Напярэдадні, нагадаем, расіяне ажыццявілі масіраваны ракетны абстрэл Украіны. Паводле паведамленняў Генштаба УСУ, па тэрыторыі краіны было выпушчана 70 ракет. 47 з іх былі збітыя сіламі СПА.

Небяспека авіяцыйных і ракетных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай, гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Што тычыцца сітуацыі на фронце, то найбольш напружана зараз на Данбасе. Падраздзяленні Сіл абароны за мінулыя суткі адбілі атакі праціўніка ў раёнах шэрагу населеных пунктаў Луганскай і Данецкай абласцей, у тым ліку ў раёне Бахмута, Кляшчэеўкі, Мар'інкі і Углядара.

Расійскія вайсковыя блогеры пішуць аб цяжкіх вулічных баях у Мар'інцы (гэта ў 30 км ад Данецка): "Расійскія мотастралкі штурмуюць пазіцыі суперніка ў заходняй частцы горада". Гэтая жа крыніца таксама піша, што "штурмавыя групы расійскіх марпехаў вядуць зачыстку дачных раёнаў на паўднёвым усходзе Углядара", а "атрады прыватнай вайсковай кампаніі "Вагнер" працягваюць штурмаваць пазіцыі УСУ ва усходняй і паўднёвай частцы Бахмута".

У Інстытуце вывучэння вайны адзначаюць, што расійская група "Вагнер", якая ваюе на Данбасе, за гэтыя некалькі месяцаў "імаверна, панесла значныя страты падчас знясільваючых наступальных аперацый". Экспэрты спасылаюцца на расследаванне New York Times і Reuters, дзе распавядаецца пра могілкі ў Краснадарскім краі. Там хаваюць байцоў "Вагнера". На спадарожнікавых здымках участак пахавання за два месяцы (з 24 лістапада 2022 года па 24 студзеня 2023 года) павялічыўся ў сем разоў. Журналісты налічылі каля 200 магіл і кажуць, што свабодных участкаў амаль не засталося.

А ў Мінабароны Украіны сцвярджаюць, што расійскія войскі праз вялікія страты выкарыстоўваюць мабільныя крэматорыі. У тыле перадавых пазіцый фіксуюць перасоўванне каля пяці такіх сродкаў. Аб гэтым заявіла намеснік міністра Ганна Маляр са спасылкай на дадзеныя Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны.
Паводле яе, крэмацыі адбываюцца без якой-небудзь ідэнтыфікацыі і ўліку целаў памерлых акупантаў. "Такім чынам расійскае камандаванне хавае вялізныя страты асабовага складу і працягвае ўжываць традыцыйную расійскую практыку пазбаўлення сем'яў загінулых ільгот і кампенсацый", — заявіла яна.

В Киеве заявили об ассиметричном ответе на ракетные обстрелы — 338-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

ЗША плануюць адправіць Кіеву танкі Abrams ва ўдасканаленай канфігурацыі M1A2. Адзінае — іх пазбавяць так званай сакрэтнай брані. Пра гэта піша Politico са спасылкай на дасведчаныя крыніцы. Версія A2 мае больш складаную оптыку і элементы кіравання. Акрамя таго інфармацыйная сістэма дазваляе танкам бесперапынна і аўтаматычна абменьвацца інфармацыяй. Так камандзіры могуць хутка адсочваць месцазнаходжанне дружалюбных танкаў і ідэнтыфікаваць пазіцыі праціўніка.

Калі менавіта Abrams прывязуць у Украіну, пакуль невядома. Reuters і AP са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў раней пісалі, што прыбыццё тэхнікі можа заняць месяцы.

Тым часам Эстонія пагадзілася паставіць ва Украіну касетныя снарады нямецкай вытворчасці, але пакуль чакае дазволу Германіі на рээкспарт. Пра гэта заявіў эстонскі міністр абароны Хано Певкур у інтэрв'ю ERR. Міністр падкрэсліў, што не бачыць праблем з пастаўкай такога роду снарадаў Кіеву, "паколькі ўжо цяпер абодва бакі выкарыстоўваюць на тэрыторыі Украіны такія боепрыпасы". Hromadske нагадвае, што ні Украіна, ні Расія не далучыліся да Міжнароднай канвенцыі аб забароне прымянення і перадачы касетных боепрыпасаў. Пагадненне не падпісалі таксама ЗША, Кітай, Ізраіль, шэраг іншых краін (у тым ліку, Эстонія).

Магчымасць прадастаўлення Украіне дапамогі на суму да 16 мільярдаў долараў разглядае цяпер Міжнародны валютны фонд. Аб гэтым піша Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы. Мяркуецца, што праграма дапаможа Кіеву пакрыць патрэбы краіны і стане каталізатарам для павелічэння міжнароднага фінансавання. Праграма разлічана на тры-чатыры гады. І ў выпадку адабрэння ўжо ў першы год Украіна можа атрымаць да 7 млрд долараў. Праграму могуць узгадніць да канца сакавіка. У гэтым выпадку першы транш Кіеў зможа атрымаць ужо ў красавіку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі