Рада прагаласавала за вывад сілавікоў з Кіева (онлайн, відэа)

04.15 Украінская праўда: Перамовы ў адміністрацыі прэзідэнта працягваюцца ўжо каля 4 гадзін.

04.00 Па афіцыйных дадзеных Міністэрства аховы здароўя з 18 лютага загінулі 75 чалавек.

03.50 У Адміністрацыю прэзідэнта прыбыў пасол Расіі ва Украіне Міхаіл Зурабаў і ўпаўнаважаны па правах чалавека Уладзімір Лукін, якога прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін напярэдадні накіраваў ва Украіну для перамоваў.

03.44 Патруляваць вуліцы Кіева выйшла вельмі шмат людзей. Часам людзі блытаюць іх з "цітушкамі". Піша карыстальнік твітара ogontar: Патрулюем мікрарайн Абалонь, недзе пад тысячу хлопцаў. Людзі думаюць, што мы "цітушкі".

03.30 Крымскі атрад салдатаў унутраных войскаў вывелі з Майдана. Народныя дэпутаты Украіны Сяргей Пашынскі, Ігар Швайка, Андрэй Шаўчэнка і Пётр Парашэнка спрабавалі вывезці аўтобус. Але гэта не ўдалося.

Частка актывістаў разам з нардепамі сталі ў кола і вывелі салдат за тэрыторыю Майдана.

03.20 Аўтобус з байцамі ўнутраных войскаў так і не выехаў з Майдана. На даху аўтобуса спявачка Руслана і святары.

03.10 У Вінніцы паляць офіс Партыі рэгіёнаў. У Чарнігаве разграмілі офісы ПР і камуністаў.

03.00 Вярхоўны савет Крыма збярэцца на пазачарговую сесію. Паседжанне прызначанае на 12:00. Парадак дня - палітычная сітуацыя ў краіне, паведамляе liga.net.

02.51 Аўтобус з байцамі унутраных войск пакуль не можа з'ехаць з Майдана. Яго трохі пашкодзілі, разбілі вокны. Пётр Парашэнка з іншымі нардэпамі спрабуюць зрабіць калідор.

02.45 Намеснік начальніка Генштаба Узброеных Сіл Украіны, генерал-лейтэнант Юрый Думанскі падаў у адстаўку. 
 
Гэтую інфармацыю ён пацвердзіў LB.ua. 
 
"Сапраўды, я пацвярджаю, што напісаў рапарт. Сёння адбываецца ўцягванне вайскоўцаў у грамадзянскі канфлікт, а гэта недапушчальна; гэта можа прывесці да гібелі як вайскоўцаў, так і мірных грамадзян, што недапушчальна. Гэта - мая ўласная пазіцыя, як грамадзяніна, афіцэра, кіраўніка , які адказвае за сваіх падначаленых. Таму я падаў у адстаўку ".
 

02.30 Аўтобус з байцамі унутраных войск з Крыма спрабуе з'ехаць з Майдана разам з дэпутатмі Парашэнка і Пашынскім. Многія актывісты супраць гэтага, некаторыя наадварот за. У аўтобусе маладыя хлопцы 18-19 год.

02.18 Нардэп і бізнэсовец (група Рашэн) Пётр Парашэнка спрабуе вызваліць захопленых у палон байцоў унутраных войск, але майданаўцы не адпускаюць аўтобус з байцамі. Пачалася сутычка паміж актывістамі і Парашэнка.

02.04 Помнік Леніну ў Жытоміры павалілі

01.58 МЗС Польшчы: Спікер Вярхоўнай Рады Рыбак не ўцёк з краіны, а бярэ ўдзел ў перамовах.

01.53 Vladislav Surkov: Зараз у Белай Царкве на блок-пасту Еўрамайдана стаіць Вадзік Цітушка (яго прозвішчам цяпер называюць усіх правакатараў-спартсменаў - Еўрарадыё) - ахоўвае дарогу на Кіеў ад "цітушак". Лічу гэта дасягненнем рэвалюцыі.

01.46 У інтэрнэт выклалі спіс вылетаў чартараў 20 лютага з кіеўскага аэрапорта "Жуляны"

01.12 Віталь Клічко, Арсеній Яцанюк і Алег Цягнібок сышлі з Рады на перамовы з Віктарам Януковічам і міністрамі замежных спраў Польшчы, Германіі і Францыі, піша ў твітэр прэс-сакратар партыі УДАР.

01.07 У Жытоміры спрабуюць паваліць помнік Леніну.

00.57 У Барыспали 5 тысяч чалавек заблакавалі праезд ў аэрапорт, каб не выпусціць дэпутатаў і чыноўнікаў з краіны, паведамляе tsn.ua.

00.52 Украінская праўда паведамляе: Толькі што ў Адміністрацыю прэзідэнта на перамовы з Януковічам зайшоў Клічко. Яцанюка журналісты, якія стаяць каля АП, не бачылі.

00.47 Эспрэса-ТВ паведамляе, што на барыкадзе Майдана патрэбны лекар, чалавека параніў снайпер, пра гэта абвясцілі са сцэны Майдана. Пры гэтым, ВР забараніла выкарыстоўваць зброю.

00.46 У Луцку міліцыя, СБУ і пракуратура прызналі Валынскую аблраду органам улады. Заяву падпісалі мясцовыя кіраўнікі ведамстваў і кіраўнік аблрады.

00.30 Яцанюк: Усе сілы міліцыі, СБУ, Мінабароны і іншых сілавых структур павінны быць вернутыя ў месцы пастаяннай дыслакацыі: "Усе вуліцы Кіева і іншых гарадоў Украіны павінны быць вызваленыя ад праваахоўнікаў". Затрыманыя пратэстоўцы павінны быць вызваленыя.

"Кожны міліцыянт, які будзе прымяняць зброю і выконваць незаконны загад, пасля прыняцця гэтай пастановы з'яўляецца злачынцам", - падкрэсліў ён.

00.13 Заўтра а 20:30 (мінскі час) на "5 канале" выйдзе спецвыпуск праекта "Шустэр Live". Тэма перадачы - "Ці захаваем мы Украіну".

00.00 Рада прагаласавала, што будзе працаваць у штодзённым рэжыме, без перапынкаў, за 229 дэпутатаў. Абвешчаны перапынак да 10 раніцы 21 лютага.

23.20 За пастанову аб вывадзе сілавікоў прагаласавалі 236 дэпутатаў. Пастанова падпісаная намеснікам старшыні Рады і набыла моц з моманту галасавання. Такім чынам сілавікі павінны вярнуцца ў месцы сваёй дыслакацыі.

23.13 238 дэпутатаў прагаласавалі за ўключэнне ў парадак дня пастановы аб асуджэнні прымянення гвалту супраць мірных грамадзян Украіны. 
 
1. Спыніць агонь, войскі і ВВ вярнуць у месцы дыслакацыі, забараніць выкарыстоўваць зброю 
2. Адмяніць антытэрарыстычную аперацыю 
3. Нагадаць, што толькі Рада ўводзіць надзвычайнае становішча 
4. Спыніць блакаванне транспарту
 
 

23.04 Дэпутат Андрэй Шаўчэнка ў твітэр: пайменна рэгістрацыя ў сістэме РАДА - 239 галасоў.

23.00 Яцанюк, Клічко і Цягнібок прыехалі ў Раду. Цяпер яны чакаюць пакуль збярэцца 226 дэпутатаў, гатовых прагаласаваць за рашэнне, якое дазволіць выйсці з крызісу. Раней у Радзе зарэгістраваліся 227 нардепы, але не ўсе былі гатовыя галасаваць за Канстытуцыю 2004 года і фарміраванне новага ўрада.

Журналіст Мустафа Найманне паведамляе, што Рада рыхтуецца прагаласаваць за пастанову аб вывадзе сілавікоў да месцаў дыслакацыі.

22.50 ІТАР-ТАСС паведамляе, што ў кіеўскім аэрапорце Жуляны зарэгістравана 64 спецрэйса для VIP-персон, пра гэта паведамілі ў дыспетчарскай аэрапорта.

22.45 Віталь Клічко заявіў, што пакуль у перамоваў з Януковічам няма ніякіх вынікаў. Пра гэта ён заявіў пасля сустрэчы з міністрамі замежных спраў Германіі, Францыі, Польшчы, піша Украінская праўда. Перамовы працягваюцца, абмяркоўваюцца некалькі варыянтаў.

22.25 МУС Украіны пацвердзіла факт прымянення зброі. Паведамляецца, што міліцыя страляла, каб даць магчымасць сысці сваім бяззбройных калегам, паведамляецца на старонцы Фэйсбук МУС.

МУС паведамляе пра факт абстрэлу сваіх супрацоўнікаў з боку радыкальна настроеных актывістаў.

22.15 Алігарх Рынат Ахметаў знаходзіцца ва Украіне, і не лётаў у Лондан, паведамляе яго прэс-сакратар.

22.10 Цела абгарэлага мужчыны знайшлі ў доме Прафсаюзаў (відэа)

21.55 Прэм'ер Польшчы Дональд Туск заявіў, што Януковіч выказаў гатоўнасць правесці датэрміновыя выбары сёлета. Пра гэта са спасылкай на Рэйтэр паведамілі РІА Навіны.

21.50 Віктар Януковіч на 20:20 знаходзіцца ў сваім кабінеце ў Адміністрацыі. Святло ў акне гарыць, картэж стаіць пад будынкам. Пра гэта са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта паведамляе РБК-Украіна.

21.45 Выступае чарговы дэпутат. Камуністаў у Радзе няма, у правым сектары амаль нікога, там звычайна сядзіць Партыя рэгіёнаў.

Клічко ў Вярхоўнай Радзе заклікае спыніць кровапраліцце.

21.20 Як перадае РБК-Украіна на Майдане па стане на 21:05 знаходзіцца каля 10 тысяч чалавек.

РБК паведамляе, са спасылкай на відавочцу, што Спікер Верхоўнай Рады Рыбак быў заўважаны ў аэрапарту "Жуляны". Па яго словах, VIP-зала аэрапорта перапоўненая пасажырамі.

Па дадзеных сайта Flightradar24.com у аэрапорце Лондана Хітроў прызямліўся самалёт Airbus A319-133X(CJ) №P4-RLA, які належыць алігарху Рынату Ахметаву.

20.45 Еўропа ўводзіць санкцыі супраць украінскіх чыноўнікаў.
 

20.25 Кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў Польшчы, Германіі і Францыі на сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Віктарам Януковічам прапанавалі яму стварыць пераходны ўрад. Аб гэтым паведамляецца на сайце польскай "Газеты Выборчай". Паводле іншых паведамленняў, гаворка на сустрэчы таксама ішла аб датэрміновых выбарах. Рэакцыя Януковіча на прапановы еўрапейцаў невядомая.

20.05 Дэпутаты унеслі прапанову прагаласаваць за адстаўку міністра унутраных спраў Захарчанкі. Некаторыя апазіцыянеры патрабуюць адразу галасаваць за адстаўку Януковіча.

19.50 У сесійнай зале Вярхоўнай Рады Украіны адбылася бойка паміж паміж народным дэпутатам ад Партыі рэгіёнаў Віталём Грушэўскім і некалькімі дэпутатамі ад фракцыі "Свабода". Як паведамляе карэспандэнт Еспресо.TV, Грушэўскі заявіў, што ў кровапраліцці вінаватая Вярхоўная Рада, і што "ўкраінцы пайшлі на ўкраінцаў", што не спадабалася "свободаўцам". Бойку спыніў народны дэпутат Пётр Парашэнка, які абвясціў у сесійнай зале хвіліну маўчання па загінулых.
Пасля бойкі Грушэўскі сышоў з парламента.

19.40 Сярод супрацоўнікаў праваахоўных органаў - 130 пацярпелых з агнястрэльнымі раненнямі, 13 загінулых - дадзеныя ўкраінскага МУС.

19.30 У Вярхоўнай радзе актыўныя спрэчкі паміж дэпутатамі. Тым часам ЕС заявіў аб увядзенні персанальных эканамічных санкцый супраць асобаў, датычных да гібелі мірных грамадзян.

18.50 Паводле аператыўных дадзеных Дэпартамента аховы здароўя Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі, з пачатку масавых акцый 18 лютага 2014 года на дадзены момант загінула 64 чалавекі. 332 цяжка параненыя.

18.35 У Вярхоўнай радзе сабраўся кворум. Дэпутаты галасуюць рукамі, электронная сістэма не працуе.

18.20 67 міліцыянтаў ўзятыя ў закладнікі, паведамляе агенцтва Рэйтэр са спасылкай на МУС Украіны.

18.10 У Кіеве аднавілася праца метро. У сераду 19 лютага ўсе станцыі былі зачыненыя ў сёвязі з "тэрарыстычнай пагрозай".

18.00 На барыкадах загінуў былы дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Якаў Зайко, паведамляе "Радыё Свабода".

17.55 Скончылася сустрэча Януковіча з міністрамі замежных спраў краін ЕС. Заяваў для прэсы па яе выніках пакуль не было.

17.50 Да кворуму не хапае каля 10 дэпутатаў.

17.30 Амбудсмен Валерыя Луткоўская пацвярджае гібель 50 чалавек падчас вулічных сутычак у Кіеве. Пра гэта паведамляе прэс-служба Упаўнаважанага Вярхоўнай Рады па правах чалавека.

17.00 У Вярхоўную раду прыехаў лідар гурта "Акіян Эльзы" Святаслаў Вакарчук: "Я хачу, каб спыніліся чалавечыя ахвяры. Ні адна ўлада не вартая жыццяў".

16.55 Кіраўнік МУС Украіны дазволіў праваахоўнікам ўжываць баявую зброю, паведамляе "РІА Навіны".

16.45 Пачатак паседжання ВР адкладваецца. Чакаюць кворума. Старшынстваваць будзе віцэ-спікер, "свабодавец" Руслан Кашулінскі.

16.30 У Вярхоўнай радзе працягваецца рэгістрацыя дэпутатаў. Прысутнічаюць каля 30 дэпутатаў ад "Партыі рэгіёнаў". На вуліцах Кіева тым часам працягваецца страляніна.

16.05 Журналісты паведамляюць аб адключэнні банкаматаў у цэнтры Кіева. Восем банкаў зачынілі свае аддзяленні ў цэнтры  горада.

На Грушэўскага будуюць сцяну.

 

16.00 У Кіеве пачынаецца пазапланавае паседжанне Вярхоўнай рады. Дэпутаты павінны прыняць рашэнне аб сітуацыі ў краіне.

15.40 Кіраўнік адміністрацыі Кіева Макеенка выйшаў з "Партыі рэгіёнаў".

Забітыя 20 лютага ў Кіеве.

 

15.23 МУС Украіны паведамляе пра гібель траіх міліцыянтаў 20 лютага. Яшчэ 30 маюць агнястрэльныя раненні. Усяго за сёння паранена 50 праваахоўнікаў. "З мэтай захавання жыцця і здароўя праваахоўнікаў было прынята рашэнне перамясціць асабісты склад на больш бяспечныя пазіцыі", — паведамляе МУС.

15.15 У Кіеве перакрыты рух на мастах праз Дняпро

15.05 Радыкальная арганізацыя "Правы сектар" гатовая пайсці на перамір'е. "У выпадку спынення агню падраздзяленнямі ўнутранага-акупацыйнага МУС і неадкладнай адмены Вярхоўнай Радай Украіны дыктатарскіх паўнамоцтваў Януковіча мы прыкладзем максімальныя намаганні для прадухілення кровапраліцця і гарантуем высокапастаўленым асобам бяспеку", - гаворыцца ў заяве лідара "Правага сектара" Дзмітрыя Яраша, апублікаванай на яго старонцы ў Facebook.

14.45 Кіеўскі метрапалітэн адновіць працу ў чацвер, 20 лютага. Пра гэта паведаміў старшыня пастаяннай камісіі Кіеўскай рады па пытаннях транспарту і сувязі Дзмітрый Алейнік.

14.40 Журналісты знялі на відэа, як працуюць снайперы

14.35 Агенцтва УНІАН паведамляе, што жыхары Днепрапятроўшчыны блакуюць спеццягнік з дэсантнікамі, які едзе ў Кіеў, кладучыся на рэйкі.

14.15 Пачалася сустрэча Януковіча з кіраўнікамі МЗС еўрапейскіх дзяржаў.

Міліцыянеры з аўтаматамі "Калашнікава"

14.05 Міністэрства аховы здароўя Украіны паведаміла, што з пачатку беспарадкаў у Кіеве ад 18 лютага загінула 35 чалавек, з якіх дзевяць памерлі ўжо ў шпіталях.

13:58 Як расстрэльваюць пратэстоўцаў на Майдане (шакуючае відэа)

13.55 "Усе былі забітыя адным стрэлам. Ні ў кога не было дзвюх ці трох ран", — паведаміў карэспандэнту агенцтва “Інтэрфакс-Украіна” доктар Дзмітрый Кашын.

Чытаць цалкамhttp://nn.by/?c=ar&i=122989

13.35 На Майдане стрэлам у шыю параненая медсястра.

13.30 У Кіеве пачынаюць закрываць запраўкі. Аб гэтым паведамляюць актывісты "Аўтамайдана".

13.25 У фае гатэля "Украіна" 13 трупаў.

Спявачка Руслана дэманструе са сцэны Майдана знойдзеную на вуліцах гранату.

13.05 МУС Украіны заклікае кіяўлян не выходзіць на вуліцы горада. "Лепш зараз абмежаваць перамяшчэнні ўласным транспартам або наогул не выходзіць з хаты. Такія меры засцярогі звязаныя з тым, што на вуліцах Кіева знаходзяцца узброеныя і агрэсіўна настроеныя людзі", - гаворыцца ў паведамленні на сайце МУС.

12.45 Падчас сутыкненняў 20 лютага памёр адзін міліцыянт. Яшчэ 29 супрацоўнікаў праваахоўных органаў дастаўленыя ў лякарні з агнястрэльнымі раненнямі — МУС Украіны.

12.35 "Было абвешчана перамір'е. Парушыў яго "Беркут", які спрабаваў спаліць кансерваторыю... Пасля гэтага перамір'е скончылася", - так Віталь Клічко патлумачыў аднаўленне кровапраліцця ў Кіеве.
У цэнтры Кіева, дзе 20 лютага аднавіліся сутыкненні паміж апазіцыяй і супрацоўнікамі МУС, загінула мінімум 15 чалавек. Пра гэта паведамляе Reuters.

12.25 Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі сфатаграфаваў міліцэйскага снайпера на вуліцах Кіева. Фота выклаў у твітар.

12.15 У Кіеў вязуць вайскоўцаў. "Украінская праўда" паведамляе, што ў ноч на 20 лютага цягнік з 40 вагонаў, запоўненых вайскоўцамі, выехаў да Кіева праз Палтаву.

Знойдзеныя сёння на Майдане боепрыпасы.

11.50 Людзей заклікаюць вярнуцца на Майдан. "На Інстытуцкай страляюць снайперы, пастаянны абстрэл", - заклікаюць са сцэны.

Відавочцы паведамляюць, што ля гатэля "Казацкі" невядомы расстраляў пяць чалавек.

11.40 На Майдане зараз каля 30 тысяч чалавек, паведамляюць украінскія СМІ.

11.35  Прыхільнікі апазіцыі зноў захапілі будынак "Украінскага дома" — культурнага цэнтра, размешчанага непадалёк ад Майдана Незалежнасці, паведамляе УНІАН. З будынка выбягаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў. Некаторыя з апазіцыянераў спрабуюць іх пераследваць, іншыя аднаўляюць барыкады побач з будынкам.
"Украінскі дом" быў у першы раз захоплены апазіцыяй у канцы студзеня. Тады "майданаўцы" аблажылі будынак і выгналі адтуль некалькі сотняў міліцыянтаў.

11.15 Дзясяткі байцоў унутраных войскаў з Грушэўскага здаліся ў палон самаабароны Майдана, перадае карэспандэнт РБК-Украіна. Яны здаюцца пад гарантыі бяспекі, ім дадзены калідор праз натоўп. Байцы ідуць з Грушэўскага праз Еўрапейскую плошчу на Майдан.

11.05 МЗС Беларусі не мае інфармацыі наконт пацярпелых у Кіеве беларусаў.

11.00 На дадзены момант у рукі пратэстуючых перайшлі Кастрычніцкі палац, Еўрапейская плошча і частка вуліцы Грушэўскага. Паведамляецца, што Марыінскі парк, раней заняты "Беркутам" і "цітушкамі", цяпер пусты.

10.45 У Вярхоўнай радзе Украіны абвешчаная эвакуацыя. Да будынка прарваліся пратэстоўцы.

10.35 Падчас стральбы на Майдане Незалежнасці параненыя больш за 20 супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Аб гэтым паведамляецца на сайце МУС Украіны. Па дадзеных крыніцы, стральба вялася меркавана з будынка кансерваторыі, захопленага раней пратэстоўцамі. Некалькі дзясяткаў міліцыянтаў узятыя ў палон. Таксама ёсць інфармацыя аб як мінімум адным загінулым пратэстоўцы.

10.15 Як перадае УНІАН, актыўныя дзеянні адбываюцца каля кансерваторыі.


Міліцыянты падцягнулі вадамёт, ён пачаў паліваць мітынгоўцаў. Акрамя таго, яны адстрэльваюцца і ўжываюць светлашумавые гранаты.



Са сцэны Майдана заклікаюць не ісці ў наступ і займаць пазіцыі на барыкадах.



Мітынгоўцы занялі Кастрычніцкі палац і пайшлі ў наступ арганізаванымі калонамі. На вуліцы Інстытуцкай іх налічваецца каля 3 тысяч.



Частка дэманстрантаў актыўна ўмацоўвае барыкады з дапамогай пакрышак, элементаў жалезнага плота, палак, бочак і іншых прыстасаванняў.



Як паведамляе Еспресо.TV, на Майдане пратэстоўцы захапілі стэлу Незалежнасці і занялі "вышыню" Кастрычніцкага палаца.



Са сцэны просяць пратэстоўцаў не кідаць камяні ў бок праваахоўнікаў, каб не нашкодзіць сваім актывістам, якія пайшлі ў наступ.



Паводле некаторых звестак, мітынгоўцы на Майдане падпалілі вадамёт.



Фота — УНІАН, сацыяльныя сеткі
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі