У Казахстане заявілі пра спробы Беларусі і Расіі абыйсці санкцыі
![У Казахстане заявілі пра спробы Беларусі і Расіі абыйсці санкцыі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/crane-6345296_1280.jpg.webp?itok=MRIULg4o)
У Казахстане заявілі пра спробы Беларусі і Расіі абыйсці санкцыі. Дэпутат ніжняй палаты парламента Максат Раманкулаў прапанаваў тэрмінова распрацаваць меры рэгулявання міжнародных аўтатранспартных перавозак. Паводле яго слоў, з-за санкцый шэраг кампаній з РБ і РФ пераносяць бізнес у Казахстан, і ўзнікаюць праблемы.
"Расійскія і беларускія кампаніі рэгіструюцца ў Казахстане, атрымліваюць казахстанскія нумары на вялікагрузы, выбіраюць бланкі дазволаў... і бесперашкодна заязджаюць у Еўропу і выязджаюць адтуль пад сцягам Казахстана", — гаварыў ён.
Такім чынам кампаніі з Беларусі і Расіі "ствараюць канкурэнцыю і выціскаюць з рынку казахстанскія прадпрыемствы, а значыць зніжаюць даходы мясцовых кампаній і насельніцтва", паколькі на грузавіках працуюць беларусы і расіяне.
Можна не сумнявацца, што ўлады Казахстана прымуць меры "для абароны нацыянальных эканамічных інтарэсаў".
Як вядома, з красавіка краіны Еўрасаюза забаранілі грузаперавозчыкам на зарэгістраваных у Беларусі і Расіі аўтамабілях перавозіць грузы па сваёй тэрыторыі (у тым ліку і транзітам). Адразу ж з'явілася інфармацыя, што санкцыі будуць абыходзіцца з выкарыстаннем Казахстана. Але ўлады гэтай краіны тады ж заяўлялі, што не будуць дапамагаць, бо не хочуць, каб да іх краіны "ужываліся другасныя санкцыі ЗША і ЕС".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.