У Івацэвіцкім раёне п’янага кіроўцу-парушальніка ДАІшнікі спынялі зброяй

У Івацэвіцкім раёне супрацоўнікам ДАІ для затрымання кіроўцы, які рухаўся з перавышэннем хуткасці, прыйшлося выкарыстаць табельную зброю. Як паведаміў старшы дзяржаўны інспектар міжраённага аддзела ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкаму Анатоль Луцэвіч, аўтамабіль "Фольксваген-Джэта", за рулём якога знаходзіўся 25-гадовы жыхар Івацэвічаў, патрапіў у поле зроку інспектараў дарожна-патрульнай службы 3 красавіка ў 23.00 каля вёскі Аляксейкі. Малады чалавек рухаўся па аўтадарозе Івацэвічы-Ружаны, парушаючы хуткасны рэжым. У адказ на патрабаванні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі спыніцца ён толькі павялічыў хуткасць. Пасля некалькіх папярэджанняў па гучнай сувязі, а затым папераджальных стрэлаў у паветра супрацоўнікі ДАІ прастрэлілі два заднія колы аўтамабіля. Але і пасля гэтага парушальнік не спыніўся. Ён збочыў у адну з размешчаных уздоўж дарогі вёсак, кінуў аўтамабіль і паспрабаваў схавацца.

Затрыманым апынуўся слесар адной з раённых устаноў, які знаходзіўся за рулём у стане алкагольнага ап'янення. Устаноўлена, што пачынаючы з 2006 года гэта ўжо пятае яго затрыманне за рулём у п'яным выглядзе. У лютым гэтага года ён быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за паўторнае кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап'янення.

З пачатку года на дарогах Брэсцкай вобласці выяўлена 2310 кіроўцаў, якія знаходзіліся за рулём у нецвярозым стане (з іх паўторна 207). Гэта на 234 больш, чым за аналагічны перыяд 2007 года. У 2008 годзе па віне п'яных кіроўцаў адбылося 11 ДТЗ, у якіх 11 чалавек загінулі і 13 атрымалі раненні.

БелаПАН

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі