У Італіі абяруць самую прыгожую манахіню

Італьянскі святар Антоніа Рунджы з горада Мандрагон (недалёка ад Неапаля) абвясціў у сваім блогу конкурс прыгажосці для каталіцкіх манашак пад назвай Сястра Італіі.
Паводле паведамлення Times, айцец Антоніа разлічвае, што ў конкурсе возьмуць удзел як мінімум тысяча манашак.

Падобны конкурс пройдзе ў Італіі ўпершыню, аднак святар спадзяецца, што мерапрыемства стане штогадовым. Антоніа Рунджы не будзе патрабаваць ад удзельніц конкурсу фотакартак у адкрытых купальніках.

Паводле яго слоў, самае галоўнае ў жанчыне - "унутраная прыгажосць". Сваім ідэалам жаночай прыгажосці святар лічыць актрысу Сафі Ларэн.

Па ўмовах конкурсу, удзельніцам павінна быць ад 18 да 40 гадоў, да таго ж узяць удзел у конкурсе могуць не толькі італьянкі. Манашкі з Афрыкі, Лацінскай Амерыкі, якія знаходзяцца ў Італіі, таксама могуць падаць заяўку.

Падчас інтэрв'ю мясцовым СМІ айцец Антоніа сказаў, маўляў, "няўжо вы думаеце, што ўсе манашкі старыя і гаротныя? Гэта не так. Сярод каталіцкіх сясцёр ёсць, напрыклад, бразільянкі, а яны - самыя прыгожыя жанчыны".

Манашкі могуць дасылаць арганізатару конкурсу свае фотаздымкі (Рунджы пераконвае, што можна і з непакрытай галавой) і рэзюмэ (кароткі аповяд пра сваё жыццё і захапленні).

Мяркуецца, што вынікі конкурсу будуць абвешчаныя да канца верасня. Times адзначае, што святар Антоніа Рунджы - мясцовая знакамітасць. У свой час ён праславіўся тым, што праводзіў імшы для тых, хто адпачывае, акурат на пляжах Неапаля.

Фота: www.jerusalemshots.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі