Вы тут

У Грузіі праходзіць другі тур выбараў у органы мясцовага самакіравання

Выбары ў Грузіі / Reuters

У Грузіі 30 кастрычніка праходзіць другі тур выбараў у органы мясцовага самакіравання. Гэта тыя самыя выбары, перад першым турам якіх у Тбілісі вярнуўся і быў затрыманы Міхаіл Саакашвілі.

Другі тур праходзіць у 15 муніцыпалітэтах Грузіі і ва ўсіх буйных гарадах: Тбілісі, Батумі, Кутаісі, Руставі, Поці і Зугдзідзі. Тут востра супернічаюць кандыдаты ад апазіцыі і ўладаў. У астатніх 44 муніцыпалітэтах кандыдаты ад кіруючай партыі "Грузінская мара" перамаглі ў першым туры.

На гэты раз выбары ў органы мясцовага самакіравання былі своеасаблівым рэферэндумам, піша jam-news.net Па пагадненні, падпісаным апазіцыяй і ўладамі пры пасярэдніцтве Еўрасаюза, калі кіруючая партыя набярэ менш за 43% галасоў, у краіне павінны прайсці датэрміновыя парламенцкія выбары. "Грузінская мара" ўжо пазбегла гэтай пагрозы, атрымаўшы ў першым туры 46,69% ​​галасоў.

Аднак "Адзіны нацыянальны рух" з 30,7% паказаў, што карыстаецца падтрымкай амаль траціны грузінскіх выбаршчыкаў. Гэтая партыя створаная экс-прэзідэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі. Цяпер ён знаходзіцца ў турме, яму прад'яўляюцца сур'ёзныя абвінавачанні. Амаль месяц Саакашвілі трымае галадоўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.