У Гродне з'явіліся плакаты з надпісамі “Гродна — горад музей”

У Гродне па ініцыятыве ўладаў з'явіліся плакаты з надпісамі “Гродна — горад музей”. Разам з гэтым у абаронцаў гістарычнай часткі горада ад руйнавання з'явілася надзея.

Назва “Гродна — горад музей” не новая. Яшчэ ў 1988 годзе быў зацверджаны план рэканструкцыі гораду, паводле якога цэнтр Гродна мусіў стаць пешым, а старыя дамы — аднаўляцца паводле еўрапейскіх правілаў рэстаўрацыі.

Называўся праект “Гродна — горад музей”. Ён быў зацверджаны тагачаснай уладай і па сёння захоўваецца ў Міністэрстве культуры.

Цяпер дэпутат Сяргей Маскевіч вырашыў рэанімаваць стары праект, каб захаваць помнікі гісторыі і культуры Гродна і правесці рэканструкцыю паводле еўрапейскіх правілаў.

Гродзенскія гісторыкі Вячаслаў Швед, Алесь Госцеў, Наталля Сліш ды іншыя зладзілі сустрэчу з дэпутатам на кафедры беларускай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту, каб паведаміць пра існуючыя парушэнні сённяшняй рэканструкцыі старога цэнтру Гродна.

Гісторыкі распавялі дэпутату пра адмысловую атмасферу горада, пра тое, што няма спецыялістаў-рэстаўратараў, што адсутнасць археолагаў на месцы раскопак — жорсткае парушэнне закону.

Гаворыць гісторык Вячаслаў Швед, ініцыятар сустрэчы:

“На сённяшні дзень у Горадні значная колькасць помнікаў знішчаная незваротна, таму мы вырашылі сустрэцца з прадстаўнікамі ўладаў, з дэпутатам Маскевічам, каб данесці нашую надзею, каб захаваць тое, што можна яшчэ захаваць”.

Дэпутат Маскевіч прызнаўся, што даведаўся шмат новага і зробіць усё магчымае, каб паўплываць на ўлады горада і ажыццявіць праект рэканструкцыі 1988 года.

Янка Багушэвіч, Еўрапейскае радыё для Беларусі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі