Вы тут

У Гродне жанчыну аштрафавалі за штаны з бела-чырвонымі лампасамі

Любоў Сарлай за некалькі хвілін да затрымання / nn.by

У Гродне жанчыну аштрафавалі за... штаны з бела-чырвонымі лампасамі. Маці ў дэкрэце Любоў Сарлай гуляла па горадзе і разгаварылася з жанчынай, калі іх забраў АМАП. Ноч яны правялі ў ізалятары часовага ўтрымання, паведамляе nn.by.

"У пратаколе напісалі, што я ўдзельнічала ў пікеце, крычала "Жыве Беларусь", — расказвае гарадзенка. — Але міліцыянер ад рукі яшчэ складаў тлумачальную — там было пра колер штаноў, які парушае грамадскі парадак. Я здзівілася: што, такое цяпер у дакументах пішуць?".

Суд адбыўся ў панядзелак па скайпе. Суддзя Руслан Гурын цікавіўся ў Любові Сарлай яе адзеннем. Яна патлумачыла, што на штанах — заводскі малюнак, лампасы яна не нашывала. У выніку абодвух жанчын аштрафавалі на 580 рублёў кожную (у Сарлай двое малых дзяцей — 2 і 6 гадоў, таму ёй не маглі даць суткі). Штаны суддзя вырашыў не канфіскоўваць.

Як бачым, барацьба ў Беларусі з бел-чырвона-белай і нават бела-чырвонай сімволікай набывае ўсё больш і больш нездаровыя формы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.