У Гродне сёстры зарабілі на праязных талончыках амаль $30 тыс

У Гродне сёстры зарабілі на праязных талончыках амаль $30 тыс

У Гродне дзве родныя сястры, працуючы касіркамі ў кіёску “Гроднааблсаюздрук”, незаконна зарабілі на праязных талончыках 57,5 тысячы рублёў. Як паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама, дзяўчаты праводзілі некаторыя аперацыі “міма касы” — звычайна гэта тычылася талонаў на праезд.

Гэтак адбывалася з 2015 года. Адна з сёстраў складала фіктыўныя фінансавыя справаздачы, а інвентарызацыя ў гэты час не праводзілася. Аднак у верасні 2018 года кіёск усё ж праверылі. Калі рэвізоры вывучылі дадзеныя пра талоны, дык высветлілася, што іх мусіць быць так шмат, што яны б не змясціліся ў цэлы кіёск. Пазней злачынную схему раскрылі.

Суд прызнаў сёстраў вінаватымі ў прысваенні маёмасці, здзейсненым групай асобаў з папярэдняй змовай, у асабліва буйным памеры, унясенні загадзя ілжывых звестак і запісаў у афіцыйныя дакументы, здзейсненым з карыслівай або асабістай зацікаўленасці. Абвінавачаным прызначылі па 4 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй і з пазбаўленнем права займаць матэрыяльна адказныя пасады на 3 гады. Праўда, ім далі адтэрміноўку выканання пакарання на 2 гады. Апроч таго, сёстры абавязаныя адбыць на грамадска-карысных працах па 80 гадзінаў.

Незаконна атрыманыя грошы сваячкі патрацілі на выплату крэдыта.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі