У Гродне праваслаўнага святара судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Андрэй Ноздрын

Андрэй Ноздрын / Instagram

У Гродне праваслаўнага святара судзілі за "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў". Андрэя Ноздрына аштрафавалі, а яго мабільны тэлефон канфіскавалі (як "прыладу злачынства").

Як паведамляе "Хрысціянская візія", святара затрымалі "некаторы час таму". Падчас праверкі яго мабільнага тэлефона і сацсетак была знойдзена "крамола" — падпіска ў Instagram на гродзенскага журналіста Руслана Кулевіча. У апошнія гады ён жыве за мяжой, а ў студзені 2023-га ў РБ яго сацсеткі прызнаныя "экстрэмісцкімі матэрыяламі".

Суд па адміністрацыйнай справе Ноздрына адбыўся 4 кастрычніка. Суддзя Алена Тоўсцік-Самойла наклала на яго штраф — 555 рублёў.

Андрэй Ноздрын — клірык Гродзенскай епархіі БПЦ, былы настаяцель храма ў Гродне. Скончыў Варшаўскую праваслаўную семінарыю, Варшаўскую багаслоўскую акадэмію. Працаваў у Свята-Пакроўскім саборы ў Гродне. У жніўні 2020-га дапамагаў затрыманым падчас мірных пратэстаў: прывозіў у турму ваду і сродкі гігіены. Выступаў супраць вайны ва Украіне. У траўні 2022 года яго знялі з пасады пасля сямі гадоў службы ў царкве на Альшанцы. Міліцыя праводзіла з ім прафілактычную гутарку.

Пад рэпрэсіі ў Беларусі трапілі і іншыя праваслаўныя святары, некаторыя з іх былі вымушаны выехаць за мяжу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі