У Гродне, каб стаць беспрацоўным, трэба адстаяць у чарзе 3 тыдні

За год колькасць афіцыйных беспрацоўных у Беларусі вырасла ў два разы. Калі летась на ўліку на біржы працы стаялі 0,5% ад эканамічна актыўнага насельніцтва краіны, то ў красавіку іх стаў ужо 1%, інфармуе Міністэрства працы. Асаблівы рост пачаўся пасля з'яўлення нашумелага Дэкрэта “аб дармаедах”. Людзі без працы ламануліся ў службы занятасці: па-першае, можна стаць афіцыйна беспрацоўным і не лічыцца дармаедам, па-другое, можна і працу знайсці.

У Гродне праз вялікі наплыў ахвочых стаць афіцыйна беспрацоўнымі ўвялі папярэдні запіс. Чакаць давядзецца не менш за тры тыдні!

“Цяпер запіс ідзе на даты пасля 10 чэрвеня, — кажуць у аддзеле сацыяльнай абароны Гродзенскага гарвыканкама. Але ёсць фішка: калі ўстаць рана і прыйсці да пачатку працы ўстановы, можна праскочыць без чаргі. — Мы працуем з 8.00 раніцы. Я сёння ішла да 7.45, і ўжо былі людзі ў чарзе”.

Ці хапае ўсім беспрацоўным вакансій, у гродзенскім аддзеле сацабароны казаць адмаўляюцца. А вось у Мінску, дзе таксама ёсць наплыў ахвочых зарэгістравацца на біржы працы, колькасць вакансій падае. Калі на 1 траўня 2014 года было 19 тысяч прапаноў ад працадаўцаў, то цяпер утрая менш. У тры разы зменшылася колькасць вакансій і ў Гомелі, кажуць у мясцовай біржы працы.

“Было 2500 вакансій, стала 800. Утрая зменшылася колькасць вакансій”, — падлічвае намеснік начальніка аддзела сацыяльнай абароны Гомеля Алена Зямлянік і сходу называе, каму прасцей знайсці працу, а каму гэта зрабіць амаль немагчыма.

“Працоўных спецыяльнасцяў у нас недзе 70-80%. Яны падыдуць для электрагазазваршчыка з разрадам ці плітачніка. А вось калі вы эканаміст ці бухгалтар — без варыянтаў. Такіх спецыяльнасцяў даўно не было”.

Як адмяніць Дэкрэт “аб дармаедах” законным чынам. Кароткая інструкцыя

Звяртаемся ў аддзел сацыяльнай абароны Заводскага раёна Мінска. Па тэлефоне кансультаваць адмаўляюцца і запрашаюць на прыём.

“Прыходзьце асабіста. Прыносьце пашпарт, працоўную кніжку. Судзімасці, інваліднасць, непаўналетнія дзеці ёсць? Няма? Тады гэта ўсё, што трэба. Вам трэба стаць на ўлік па беспрацоўі, і тады мы паглядзім вакансіі”, — тлумачыць чыноўніца з Мінгарвыканкама і раіць спачатку паглядзець вакансіі на сайце Мінгарвыканкама ці Міністэрства працы.

Самы нізкі заробак, які можна знайсці ў Мінску з вышэйшай адукацыяй, — каля 2−3 мільёнаў настаўніку ў школе, выхавацельцы, медсястры, санітарцы ці інжынеру ў паліклініцы.

А вось самы высокі заробак — 85 мільёнаў — прапаноўваюць дырэктару па тэхнічных пытаннях з вопытам працы, веданнем англійскай і ўкраінскай моў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі