У Гомельскай вобласці медыкі могуць звольніцца толькі па ўзгадненні з выканкамам

Медпрацаўнікі ў Мазыры

Медпрацаўнікі ў Мазыры / sb.by

У Гомельскай вобласці медыкі могуць звольніцца толькі па ўзгадненні з выканкамамі. У аблвыканкаме кажуць, што гэта распараджэнне мясцовых уладаў, піша "Зеркало".

Супрацоўніца Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы кажа, што ад новаўвядзення яна і яе калегі былі "мякка кажучы, у шоку", хоць і не збіраюцца зараз мяняць працу. Пры гэтым нагрузкі ў бальніцы "вар’яцкія" з прычыны вялікага недахопу супрацоўнікаў — пачынаючы ад санітарак і заканчваючы лекарамі. Раней лекары, каб падзарабіць бралі ў якасьці падпрацоўкі вольныя стаўкі, але нядаўна ім сказалі, што гэтыя нікім не занятыя стаўкі будуць скарачаць. "Атрымліваецца, мы працу будзем рабіць тую ж, а грошай атрымліваць — менш, даплачваць ніхто не збіраецца", — распавяла жанчына.

У Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы кажуць, што ўзгадненне з выканкамам дзейнічае ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці. Такую меру вялі, "каб не было цякучкі працаўнікоў". Тое самае сказалі ў Галоўным ўпраўленні аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама. Медыкі з іншых рэгіёнаў краіны пра такое новаўвядзенне пакуль не паведамлялі.

З Беларусі з'язджаюць тысячы медпрацаўнікоў. Многія — з-за рэпрэсій. Праблему прызнаваў і Аляксандр Лукашэнка. Такім чынам, прынамсі на Гомельшчыне спрабуюць утрымаць медыкаў на працоўных месцах. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі