У Гомелі за акцыі пратэсту затрымалі абаіх бацькоў шматдзетнай сям'і

У Гомелі за акцыі пратэсту затрымалі абаіх бацькоў шматдзетнай сям'і

Увечары 29 верасня ў шматдзетнай сям'і Сняжковых у Гомелі адбыўся ператрус, піша сайт "Моцныя навіны". 

Пару вінавацяць у адміністрацыйным правапарушэнні, а таксама пачалі крымінальную справу.

Наталля Сняжкова расказала журналістам, што ў нядзелю, 27 верасня, прыкладна ў 21:50 затрымалі яе мужа. На наступны дзень яму прысудзілі 14 сутак за ўдзел у акцыі пратэсту і адправілі ў ІЧУ.

Сёння па гэтым жа артыкуле склалі пратакол і на Наталлю — маці пяцярых дзяцей.

Спярша ў школу да 11-гадовай дачкі Наталлі прыйшлі міліцыянты і апытвалі яе ў прысутнасці настаўніка і сацыяльнага педагога. Потым саму шматдзетную маці выклікалі ў РАУС на размову. Яна папрасіла міліцыю прыехаць да яе дадому. У выніку тыя прыехалі з ператрусам, пасля якога затрымалі жанчыну.

На каго з сям'і пачалі крымінальную справу, журналісты "Моцных навінаў" не змаглі ўдакладніць. Вядома толькі, што справа пачатая па ч. 2 арт. 363 — супраціў супрацоўніку органаў унутраных спраў, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго прымянення. За гэта пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Непаўналетніх дзяцей Сняжковай адвезлі ў сацыяльны цэнтр. Апекуном мог бы быць прызначаны старэйшы брат, але ён беспрацоўны. Дзяцей яму перададуць толькі пасля таго, як ён уладкуецца на працу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі