У Гомелі адбыўся першы допыт журналіста пасля ператрусаў 27 сакавіка

4 красавіка ва ўпраўленні Камітэта дзяржбяспекі па Гомельскай вобласці быў дапытаны журналіст Зміцер Карпенка. Як паведаміў журналіст, яго дапытваў следчы УКДБ Коласаў у якасці сведкі па крымінальнай справе, распачатай у 2005 году ў дачыненні да Паўла Марозава, Андрэя Абозава і Алега Мініча за абразу прэзідэнта.

"З мяне ўзялі падпіску аб неразгалошванні матэрыялаў крымінальнай справы, папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці, таму я не магу распавядаць пра сутнасць пытанняў следчага. Магу адзначыць, што супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі паводзілі сябе ветліва і карэктна", - заўважыў журналіст.

Нагадаем, 28 сакавіка ў гомельскага журналіста З.Карпенкі супрацоўнікі КДБ правялі ператрус, падчас якога канфіскавалі CD-кружэлкі з запісамі гурта "Аддис-Абеба", песнямі Майкла Джэксана, песнямі з савецкіх мультфільмаў, дыскету з курсавой працай па эканоміцы за 4-ы курс універсітэта, некалькі нататнікаў з запісамі і фатаграфіі.

Як раней паведамлялася, згаданая крымінальная справа было распачатая ў жніўні 2005 года пракуратурай Мінску па факце распаўсюджвання ў Інтэрнэце мультфільмаў, "якія ганьбяць гонар і годнасць прэзідэнта Беларусі". Падставай сталі мультыплікацыйныя фільмы, якія ўяўлялі невялікія сюжэты, утрымлівалі сатыру на кіраўніка дзяржавы. Справа была заведзеная па частцы 1 артыкулу 367 Крымінальнага кодэкса Беларусі (паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь).

У рамках крымінальнай справы ў якасці сведак былі дапытаныя адміністратар сайта Андрэй Абозаў і каардынатар праекту Павел Марозаў. Супрацоўнікі КДБ правялі ў іх кватэрах ператрусы, канфіскаваўшы 12 адзінак кампутарнай тэхнікі, на якой маглі вырабляцца мультфільмы. А.Абозаў, П.Марозаў і яшчэ адзін падазраваны Алег Мініч не сталі чакаць арыштаў і выехалі ў памежныя краіны.

У канцы сакавіка па ўсёй краіне ў кватэрах журналістаў, якія супрацоўнічалі з замежнымі СМІ, не акрэдытаванымі ў Беларусі, супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы і канфіскавалі аргтэхніку і носьбіты інфармацыі.

БелаПАН