У Еўропе з’явяцца зоны “дзікай прыроды”

Месяц таму навукоўцы з Лонданскага заалагічнага таварыства, міжнародная арганізацыя па ахове птушак BirdLife International і Еўрапейскі савета па ўліку птушак прадставілі вынікі даследавання аб аднаўленні ў Еўропе млекакормячых і птушак. Як аказалася, за апошнія паўстагоддзя найбольш распладзіліся папуляцыі еўразійскага рачнога бабра, зубра і арлана-белахвоста. Напрыклад, колькасць зуброў ацэньваецца ў 3 тысячы жывёл, “з асабліва вялікімі пасяленнямі ў Беларусі і Польшчы”.
 
Ацэньваючы даклад, Франс Шэперс, які прадстаўляе праект вяртання дзікай прыроды ў Еўропу “Rewilding Europe”, глядзіць у будучыню пазітыўна:
 
“Узнаўленне дзікай прыроды фактычна пачалося пасля Другой Сусветнай вайны ў 1950-х і 1960-х гадах. Колькасць жывёл знаходзіцца на нізкім узроўні ў параўнанні з XVI-XVII стагоддзямі, але яны яшчэ вярнуцца”.
 
Аўтары праекта задумалі перарабіць частку Еўропы ў “дзікую мясцовасць”, з умовамі, максімальна набліжанымі да рэальнай прыроды. Вось што піша нямецкі Der Spiegel:
 
“Аператары прыродных запаведнікаў і актывісты з усёй Еўропы хочуць далучыцца да ідэі. Ужо выбраныя шэсць абласцей для гэтага. Удзел бярэ і Сусветны фонд дзікай прыроды. Каля 4 мільёнаў еўра, як стартавы капітал, былі атрыманыя праз латарэю ў Нідэрландах”. 
 
Шэсць зон "дзікай прыроды" (theguardian.com)
 
Нямецкае выданне піша, што, магчыма, у будучыні ўжо не трэба будзе ехаць у Серэнгеці (нац.парк у Танзаніі – заўв. Еўрарадыё), каб палюбавацца дзікай прыродай. Усё гэта можна будзе ўбачыць і дома. Калі ўсё будзе добра, і колькасць жывёл працягне расці, то можна будзе арганізоўваць “сафары”. Зарабіць на турыстах спадзяюцца, напрыклад, у зямлі Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, частка якой таксама можа быць ператвораная ў  асяродак дзікай прыроды у межах праекту Rewilding Europe.
 
Тым часам, ёсць і скептыкі ў дачыненні да ідэі “штучна стварыць” дзікую прыроду ў Еўропе. Крыштаф Шэнк, выканаўчы дырэктар Франкфуртскага экалагічнага таварыства кажа, што гэта ўсё будзе нагадваць “заапарк”. Замест гэтага эколаг прапануе захоўваць тыя кавалкі дзікай прыроды, якія яшчэ існуюць, піша Der Spiegel. Ён хоча бачыць больш зон, у якія чалавек увогуле не будзе ўмешвацца, і якія будуць разлічаныя нават на пажары, штормы і нашэсці караедаў.
 
Крыштаф Шэнк: “У ахоўных зонах мы маглі б даведацца, як дзікая экасістэма працуе ў першапачатковым стане. Амаль усё, што вы ведаем сёння, заснавана на кіраванай прыродзе”.
 
У сваю чаргу, прадстаўнікі Rewilding Europe кажуць, што узнаўленне дзікай прыроды праз спецыяльныя зоны мае пазітыўны эфект. Малаперспектыўныя рэгіёны замест таго, каб канчаткова стаць “мёртвымі кропкамі”, маюць шанец ператварыцца ў сапраўдныя эканамічныя аазісы, дзякуючы развіццю экатурызму.
 
Фота: eurowildlife.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі