На зніжэнне золатавалютных рэзерваў Беларусі ў лютым паўплывалі як мінімум два фактары, мяркуюць у Еўразійскім банку развіцця. Па-першае, сезонны рост чыстага попыту на замежную валюту з боку юрыдычных асоб і банкаў. А па-другое, золата патаннела. З 31 студзеня да 28 лютага яго кошт знізіўся на сусветным рынку на 4,8%.
Нагадаем, паводле вынікаў лютага Нацбанк паведаміў, што міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі склалі 7,77 мільярда долараў. Гэта на 373,3 мільёна долараў менш, чым на 1 лютага. Да канца 2023 Нацбанк паставіў перад сабой мэту ўтрымаць ЗВР на ўзроўні не ніжэйшым за 6 млрд долараў.